Вершы
Суббота, 20.07.2013 19:07. Рубрика: Вершы
Мікола ЗГУБАРЭВІЧ
Ручаёк
Захацеў раз Васілёк
Паглядзець на ручаёк,
Што з крынічкі выцякае
І ў алешніку блукае.
Васілёк ускочыў смела
І… аж сэрца анямела.
– Ух-х! – усклікнуў, –
Ну й вада тут!
Можна адмарозіць пяты!
Яніна ЖАБКО
Бабуліна крынічка
Кажуць, ёсць крынічка шчасця,
П’юць з крыніцы той ваду.
Ды пра іншую крынічку
Я размову павяду.
А крынічка тая побач,
Незвычайнай глыбіні, –
Ў сэрцы роднай мне бабулі
Ёсць крынічка дабрыні.
Дабрыня бабулі грэе,
Нібы летняе цяпло.
Мне з бабуляю ніколі
Кепска, сумна не было.
Побач з ёю так утульна,
З ёй гаворку я вяду.
Кожнай раніцай з бабуляй
У садочак я іду.
І калі мяне пахваляць,
Я скажу вам без хлусні:
Кінула бабуля ў сэрца
Мне зярнятка дабрыні.