Любчанскі замак
Багата ў Беларусі прыгожых куточкаў. І ўсе яны па-свойму адметныя і непаўторныя. Сярод іх вылучаецца і мястэчка Любча. Сапраўды – месца чароўнае.
На высокім беразе Нёмана месціцца тутэйшы замак. Адгэтуль, з вышыні, разлягаецца дзівосны краявід: рака, што нясе сваю магутную плынь да Балтыкі, паплавы, далёкія лясы Налібоцкай пушчы. А тут, на пагорку, схілы такія стромыя, што і ўскараскацца цяжка. Што ўжо казаць пра тыя далёкія часы, калі гэтыя муры былі абарончымі!
Унікальны архітэктурны комплекс будаваўся яшчэ ў другой палове 16 стагоддзя як рэзідэнцыя роду Кішкаў, а пазней, атрымаўшы Любчу, гэтую справу працягнулі Радзівілы.
Замак, што стаяў на гары, з трох бакоў агінаў глыбокі роў, напоўнены вадою, а з чацвёртага – Нёман. Замак будавалі ў выглядзе чатырохкутніка. На кожным рагу ўзвялі вежы, унутры – палац, жылыя ды гаспадарчыя пабудовы. Вежы пад чырвонай дахоўкай узіраліся ў далячынь байніцамі, а ўпрыгожваў іх роспіс – прадрапаныя на тынкоўцы чорна-белыя малюнкі і ўзоры. Некаторыя часткі замка выкананы ў тэхніцы так званага «прускага муру» – яны мелі драўляны каркас, прамежкі ў якім запаўняліся цэглай. Параднасці таксама надавалі гадзіннік на Брамнай вежы і флюгеры з белай бляхі. У выніку комплекс набыў незвычайны колер: патынкаваныя ў светлы колер вежы спалучаліся з чорнымі зграфітавымі ўзорамі.
У замку ўладальнік Багуслаў Радзівіл размясціў і скарбніцу – музей дзівосаў і мастацтваў. Там захоўваўся збор карцін і скульптур знакамітых майстроў, нумізматычныя і археалагічныя калекцыі, зброя. Экзатычныя рэчы з далёкіх краін спалучаліся з мастацкімі творамі і вайсковымі трафеямі. А яшчэ замак славіўся сваёй найбагацейшай бібліятэкай. У тутэйшай друкарні выдавалася духоўная і свецкая літаратура, навуковыя выданні і падручнікі.
За свой доўгі век замак перажываў аблогі, захопы і разрабаванні. Моцна пацярпела Любча і падчас дзвюх апошніх войнаў. Замак знаходзiўся ў запусценнi. Здавалася, што ён павольна памірае.
На шчасце, сумныя часіны адыходзяць. Знайшоўся чалавек, дзякуючы якому Любчанскі замак пачаў вяртацца да жыцця. Ураджэнец Любчы Іван Пячынскі вырашыў уратаваць помнік. Быў створаны дабрачынны фонд, вакол пачалі гуртавацца аднадумцы, неабыякавыя людзі, і праца завіравала. Помнік літаральна на вачах адраджаецца з руінаў. Планаў багата, але і плён навідавоку. З Кутняй вежы ўжо зняты рыштаванні, цяпер на чарзе – вежа Брамная, муры. Некалі прыйдзе чарга “лячыць” і палац…
Многія з тых, хто прыязджае сюды проста паглядзець, самі бяруць удзел у рэстаўрацыі. Тут кожны ахвотны можа далучыцца да святой справы, хоць бы на выходныя дні. Занятак знойдзецца! А як будзеш потым пачувацца, калі з гонарам зможаш прамовіць: і я паспрыяў адраджэнню Любчанскага замка!
ПЫТАННІ
1. На якім беразе Нёмана, у якім раёне Беларусі знаходзіцца Любчанскі замак?
2. З якой краіны да нас прыйшла тэхніка роспісаў “зграфіта”?
3. Як народнае паданне тлумачыць узнікненне назвы “Любча”?
Яраш МАЛІШЭЎСКІ