Якога колеру лыжка?..
Газель гуляла ў іншым канцы двара, далей ад дарослых. Спярша хацела дапамагчы і матулі, і цётачцы Агулшакер. А яны ёй толькі і сказалі ў адзін голас:
– Не замінай, Газель… Ідзі і пагуляй дзе-небудзь…
“Добра ім казаць, – падумала дзяўчынка. – А з кім гуляць?” Ды і ўсе гульні Газель з галавы выкінула. Як-ніяк, дарослая ўжо даўно. У верасні ў першы клас пойдзе. А з дарослымі ж надта цікава – яны і шурпу гатуюць, і плоў… Тамдыр ні на хвіліну не астывае. Вечарам на суседнім падворку вяселле. З раніцы вось і чурэк бабуля Акджамал пякла. Цэлую горку духмяных сонейкаў прыгатавала. Цяпер бабуля адпачывае, а каля тамдыра завіхаюцца мама і цётачка Агулшакер. Людзей на суседскім вяселлі збярэцца шмат. Прыедуць у Ашгабат і родзічы жаніха з бліжняга да сталіцы аула, і ўся каманда нявесты з Тэджэна – яе бацькі, сёстры, браты, дзядуля з бабуляй, дзядзькі, цёткі… Словам, таму і пачастунак суседзям трэба дапамагчы гатаваць.
“Вось жа Мурадзіку, – зазначыла Газель, – дарослыя занятак знайшлі”. Хлопчык падносіць з хлеўчука дровы. Акуратным стосам складвае іх каля вогнішча. А матуля, цётачка Агулшакер самі іх у полымя кідаюць. Адзін раз хлопчык нёс такі ахапак, што ледзьве не ўпаў, зачапіўшыся за парожак хлеўчука, але ўтрымаўся. А дарослыя яшчэ і пахвалілі Мурадзіка:
– Ай, малайчына, столькі карагача прынёс! Адпачні, даражэнькі…
– А Мурадзік жа ўсяго толькі на тры гады за мяне старэйшы, – пакрыўджана закруціла галавой Газель, загінаючы на правай руцэ тры пальчыкі.
– Дачушка, дзіцятка, – раптам паклікала Газель маці. – Схадзі ў хату, прынясі нам яшчэ адну лыжку.
Узрадавалася дзяўчынка – вось і ёй занятак знайшоўся. Ды Газель сур’ёзная. Таму і не паляцела стралою ў хату, а перапытала ў маці:
– А якую, мамачка, лыжку? Драўляную? Якога колеру?
– Так, драўляную, чырвоную такую, няўжо не памятаеш?..
– Бахар, гэтую ж лыжку Мая толькі што забрала, – нагадала цётачка Агулшакер.
– Тады любую, дачушка, – пачула Газель ужо за спінаю ў сябе.
Прайшло нямала часу, перш чым вярнулася Газель з хаты. А лыжкі так і не прынесла.
– Мамачка, а любога колеру лыжкі на кухні няма. Ёсць блакітная. Ёсць жалезныя, яны белага колеру, – бойка адрапартавала крыху засмучаная Газель.
Матуля наразала зялёную цыбулю, надта не ўслухоўваючыся ў словы Газель. Толькі і сказала:
– Любую і трэба было ўзяць, – а праз секунду гучна засмяялася.
А цётачка Агулшакер падхапіла Газель на рукі.
Наш тлумачальны слоўнік:
Аул – сельскае паселішча на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі.
Карагач – паўднёвае лісцевае дрэва, бераст.
Тамдыр – печ-жароўня ў Туркменістане.
Чурэк – прэсны хлеб у выглядзе вялікай ляпёшкі.
Шурпа – суп з мяса і гародніны.
Алесь Карлюкевіч