“БУСЯ” — для маленьких бусянят
Дарагія сябры – чытачы нашай цудоўнай “Вясёлкі”! У многіх з вас ёсць малодшыя брацікі ці сястрычкі, якім таксама хацелася б мець свой часопіс. Пра гэта даўно марылі і многія мамы тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх яны нярэдка ласкава называюць сваімі буськамі, альбо бусяняткамі.
І задумалася “Вясёлка”: а і сапраўды, ці не стварыць ёй свайго дзівоснага спадарожніка – часопіс для самых маленькіх беларусаў? Задумалася і стварыла! І назву не давялося доўга прыдумваць. Вядома, – “Буся”! У гэтым назове – пажаданні многіх мам. Калі выйшаў “пілотны” нумар “Бусі”, галоўны рэдактар “Вясёлкі” Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі паказаў яго адной маленькай дзяўчынцы, якая адразу ў захапленні, з радасцю прыціснула чытанку-маляванку да грудзей, маўляў, вось ён – мой часопіс! І новы часопіс ужо гатовы да свайго выхаду. Чытанка-маляванка “Буся” ўключана ў падпісны каталог “Белпошты”, і яе можна атрымаць па падпісцы ці купіць ужо ў сёлетнім жніўні.
Якая ж яна, “Буся”? Ад малюнкаў дыханне перахоплівае: такія яны яркія і прыгожыя! А змест – казачны! Са старонак “Бусі” паўстае самы сапраўдны казачны горад Беларускі Алфавіт, які будуецца з чароўных літар… Думаецца, дашкаляты не толькі з цікавасцю з імі пазнаёмяцца, а і добра запомняць, што паспрыяе іхняму развіццю. У часопісе ёсць і чытанка-маляванка, з якой нават можна скласці маленькую кніжачку “Птушкі-весялушкі”. Тут “Кваква вучыць квакванятак па балоце лёгка чапаць”, а “Бусел буські па чарзе дзеткам раздае ў гняздзе…” Але што забягаць наперад?
Трэба проста дачакацца часопіса і пазнаёміць з ім як мага больш маленькіх беларусаў. “Буся” іх не расчаруе.
Мама, гэта ўсё не дзівы:
я – разумны і пачцівы.
Як належыць, апрануся
і скажу: «Цяпер дай “Бусю”»!