Вершы Сяргея ГРАХОЎСКАГА
Вясёлка
Сёння раніцаю ліў
Першы дожджык з громам,
Праляцелі жураўлі
І над нашым домам.
Сёння з вулля першы раз
Вылецела пчолка,
Апусцілася да нас
Першая вясёлка.
І шырокаю дугой
Стала над лясамі.
Колькі колераў у ёй?
Мы палічым самі.
– Вось аранжавы!
– Чырвоны!
– І блакітны!
– І зялёны!
– Фіялетавы!
– І жоўты!..
– Ну а болей
Не знайшоў ты?
Пашукай,
Бо хутка згіне.
– Вось яшчэ знайшоўся сіні.
– Не шукайце больш дарма –
Іншых колераў няма.
Распраўляе крылцы пчолка,
Зелянее збажына.
Загарэлася вясёлка –
Будзе добрая вясна.
Чайка-Гультайка
Напілася Чайка чаю
І заплакала з адчаю,
І птушынай роднай мовы
Назаўжды забыла словы,
Толькі ведае “Кі-гі!”
Не пазнала берагі,
Дзе яна жыла калісьці,
Дзе ў шалёным ветру свісце
Хмару рэзала крылом,
Аж грымеў над морам гром.
Чаю з цукрам паспытала
І зусім другою стала:
Стала Чаіца ручною,
Стала Чаіца ляною –
Хлеб выпрошвае з рукі,
Як прасілі жабракі.
А сяброўкі і сябры
Любяць шквальныя вятры,
Вострым крыллем рэжуць хмары, –
Грому чуюцца удары.
Не баяцца чайкі зморы
І ў далёкім бурным моры
У нялёгкай барацьбе
Здабываюць хлеб сабе,
Хлеб вышэйшае цаны, –
І шчаслівыя яны.