Да 75-годдзя з дня нараджэння паэта Анатоля ГРАЧАНІКАВА
У гэтым месяцы вядомаму паэту Анатолю Грачанікаву споўнілася б 75 гадоў. Анатоль Сямёнавіч пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну, якая застаецца цікавай і сённяшнім чытачам. Ён аўтар кніжак для дзяцей “Казка пра Івана ганчара і пачвару цара”, “Валерка і лятаючая талерка”, “Жывая вада”, “Зорны палёт”. З 1976 па 1978 гады Анатоль Грачанікаў быў галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”.
Гусак і певень
Певень аднойчы сказаў Гусаку:
– Пойдзем, мой дружа, з табой на раку!
Ты – пехатою, а я – палячу,
Плаваць і я навучыцца хачу.
– Гэта выдатна, – прамовіў Гусак, –
Але калі ты надзейны дружбак,
На крылах да рэчкі мяне данясі,
А там ужо добра мяне папрасі…
Ўзняліся у неба высока сябры,
Войкаюць куры і гусі ў двары:
– Куды вы? Куды вы?
Куды вы, куды?
О-го-го-го!
Не мінуць вам бяды!
Бачылі вы хоць бы раз альбо не:
Гайдаецца ў Пеўня Гусак на спіне.
Аслупянелі усе, нават дзед,
Рот свой раскрыўшы, глядзіць ім услед.
Крыламі Певень штосілы махае,
Ды і Гусак яму дапамагае.
Разам яны так да рэчкі дапялі,
Разам і ўпалі ў глыбокія хвалі.
Певень храбрыцца, але ўсё адно
Вір яго цягне на цёмнае дно.
Зубы драпежна ашчэрыў шчупак…
Сябра ў бядзе не пакінуў Гусак.
Бачылі вы хоць бы раз альбо не:
Певень плыве ў Гусака на спіне.
Гусі і куры на беразе скачуць:
– Не, малайцоў такіх не перайначыць,
Не, не загінуць яны анідзе,
Бо дружбакамі яны і ў бядзе!
Задача
На вагі ўскочыў
Пеўнік сам.
Заважыў
Роўна кілаграм.
Запамятайце,
Дзеці, ўсе:
Стаяў ён
На адной назе.
А колькі
Будзе ў ім вагі,
Як стане ён
На дзве нагі?