Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
21. Юні-Юні вучыць Марынку быць медсястрой
Марынка з мамай глядзелі па тэлевізары мультфільм пра дзівоснага Карлсана, які жыве на даху, а бабуля збіралася ў клуб. Калі яна зайшла ў пакой, Марынка падхапілася і радасна закрычала:
– Ой, якая ты прыгожая!
Бабуля надзела новы, бэзавага колеру, касцюм, белую кофту, бліскучыя чорныя туфлі.
– А якія ў цябе значкі? – Марынка падбегла да бабулі і пакратала рукою шаўковыя стужкі.
– Гэта не значкі, а медалі.
– Як у героя… А дзе ты іх узяла? – зацікавілася Марынка.
Тут паднялася з канапы мама, выключыла тэлевізар і сказала:
– Бабулі трэба ўжо ісці, а то спозніцца. А пра медалі табе раскажу я.
Аказваецца, бабуля некалі была на вайне, выносіла з поля бою параненых салдат, перавязвала ім раны, лячыла. Яна была смелая, нічога не баялася. За гэта яе і ўзнагародзілі медалямі…
– Бабуля наша і зараз лечыць хворых людзей, – расказвала далей мама. – Яна шмат каму дапамагла паправіцца. І вось сёння ёй будуць уручаць новую ўзнагароду – медаль “За працоўную адзнаку”.
Мама з Марынкай доўга разглядалі альбом з фотаздымкамі. На іх Марынка пазнавала сваю бабулю – медыцынскую сястру. Яна была то ў ваеннай пілотцы, то ў белай шапачцы, як доктар Айбаліт.
Нешта адбылося ў той вечар з Марынкай. Яна не хацела больш глядзець вясёлыя мультфільмы. Прысела каля сваёй шафкі з цацкамі і пачала перабіраць іх. А праз нейкі час папрасіла:
– Мамачка, дай мне ваты і бінту. І яшчэ нітак…
У Мішкі ледзь трымалася лапа – Марынка доўга старалася, але ўсё ж прышыла яе. Зайчыку перавязала вуха. Ён яго крыху абадраў, калі падаў з балкона. Ляльцы абула чаравікі, каб яна не захварэла.
Яна супакойвала ўсіх, калыхала, каб хутчэй паснулі.
Мама сядзела на канапе і займалася сваёй справай – шыла. Раптам яна ціха войкнула і замахала рукой.
– Што з табой? – спалохалася Марынка.
– Палец укалола. Нічога, зараз пройдзе.
Марынка агледзела маміну руку і сур’ёзна сказала:
– Трэба зрабіць перавязку!
Яна памачыла вату ў вадзе, змыла з пальца кроў. Пасля старанна абкруціла яго бінтам.
Калі вярнулася дадому бабуля, дзяўчынка падбегла да яе і радасна пачала расказваць:
– А я таксама медыцынская сястра. Паглядзі, усе цацкі вылечыла.
– І мяне, – дадала мама і паказала тоўста забінтаваны палец.
Ад Юні-Юні заданні:
- Як вы разумееце права дзіцяці на неабходнае медыцынскае абслугоўванне?
- Як Марынка навучылася быць медсястрой?