Пластычныя піраміды
Сярод цыркаў свету адметным з’ўляецца кітайскі. Цыркавое мастацтва Кітая не падобна на мастацтва іншых краін. Тысячы гадоў Кітай жыў сваім уласным жыццём, адгароджаны ад усяго свету Вялікай кітайскай сцяной. Кітайскі цырк – адзін з самых старажытных у свеце. Артысты прытрымліваюцца трацый, якім чатыры тысячы гадоў. Кожны нумар мае сваё значэнне. Знакамітыя кітайскія талеркі, якія круцяцца на доўгіх палачках, сімвалізуюць сонца, артыст – пасрэднік паміж свяцілам і людзьмі. Нумар з талеркамі ў выкананні юных дзяўчат лічыцца традыцыйным і абавязковым у кітайскім цырку. Сутнасць яго – ва ўменні круціць на доўгай тонкай палачцы да чатырох талерак у кожнай руцэ.
Амаль усе нумары ў кітайскім цырку выконваюцца падлеткамі. Узрост артыстаў – ад дванаццаці да дваццаці трох гадоў. Дзяцей у Кітаі пачынаюць вучыць цыркавому мастацтву з трох гадоў. Каб апынуцца ў прэстыжнай школе, трэба перамагчы ў конкурсе. Выбіраюць звычайна з дзвюх-трох тысяч прэтэндэнтаў, але, калі цябе выбралі, гэта гарантуе паспяховую будучыню. Мы прывыклі, што ў еўрапейскіх цырках дарослыя працуюць для дзяцей, а ў кітайскім цырку наадварот – дзеці працуюць для дарослых. Амаль у кожным населеным пункце шматмільённага Кітая ёсць свае акрабатычныя групы, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі з ранняга дзяцінства развіваюць і ўдасканальваюць сваё майстэрства, здзіўляючы гледачоў пластычнасцю і незвычайнымі трукамі. Таму кітайскія акрабаты – непераўзыйдзеныя ў мастацтве валодання сваім целам, рэдка хто здольны паўтарыць ці выканаць іх цяжкія нумары і трукі.
Мы ведаем, што звычайная цыркавая арэна круглая, і яе дыяметр 13 метраў. Залы кітайскіх цыркаў больш нагадваюць самыя звычайныя тэатральныя. У цыркавых праграмах няма ні клоўнаў, ні дрэсіраваных жывёл . Выступаюць выключна акрабаты. Нумары бесперапынна ўскладняюцца.
Цудоўны цыркавы нумар “Палёт птушак” прыйшоў з далёкага ваеннага мінулага Кітая. Паводле старадаўняй легенды, кітайскім воінам некалі давялося хутка праскочыць паміж горных абрываў – і гэта ў іх атрымалася. Зараз гэта цудоўны цыркавы нумар з абручамі.
У новай праграме Беларускага дзяржаўнага цырка вы пабачыце гімнастычна-акрабатычныя нумары з дасканалай балансіроўкай, якія выконваюць кітайскія дзяўчаты-артысткі. На лядовае пакрыццё выкочваюць іх “сцэну”, на якой і адбываецца ўсё выступленне. Вас чакаюць неверагодныя пластычна-грацыёзныя акрабатычныя піраміды, гімнастычныя трукі. Яны паказваюць высокае майстэрства валодання целам, іх пластычнасць уразіць кожнага.
А зараз пытанне ад артыстаў цырка Кітая і Арыны Пшанічнай, вучаніцы 4 класа, здымак якой на вокладцы нашага часопіса: як называюцца нумары, у якіх артыст жангліруе бочкай, цыліндрам, колам. Нагадваем, той, хто першы дашле правільны адказ, атрымае білет у Беларускі дзяржаўны цырк на праграму “Магія на лёдзе”.
Анастасія Радзікевіч