Да 100-годдзя з дня нараджэння Эдзі АГНЯЦВЕТ
Які Лявонка гаманкі –
Нібы ручай вясновы!
Гудуць у доме ўсе куткі,
А ў сшытку скачуць словы.
Яго бярозавы кіёк
Для ўсіх прыгод прыгодны:
І самазвал, і скакунок,
І нават сцяг паходны.
На поўны ход ідзе гульня.
І шумна тут, і звонка.
Прыходзіць раптам цішыня:
– Маўчыце, спіць Алёнка!
Растуць малыя дзеці ў сне.
Ці сніцца сон Алёнцы?
Гайдаецца, як на чаўне,
Трохмесячнае сонца.
Пайшоў на пальчыках Лявон –
І змоўклі ручаіны.
І ўжо Лявон – не ветрагон.
Старэйшы брат. Мужчына.
Дзе твой час?
– Прачытаем разам казку! –
Ціха просіць Апанаска.
– У мяне няма цяпер
Часу вольнага, павер!
– А куды падзеўся час? –
Аж падскочыў Апанас. –
У якіх лясах гуляе,
Ён маўчыць ці размаўляе?
Дзе твой час?
Ну хоць раз
Пакажы мне час!
Чыжык
Двор.
На паркане – аб’явы сур’ёзныя,
Самыя важныя,
самыя розныя.
Ва ўсіх людзей –
неадкладныя справы.
Хто пройдзе міма такой аб’явы?
“ЗГУБІЎСЯ КОТ – КОЛЕРУ РЫЖАГА,
З ЧОРНЫМ ХВАСТОМ.
ЗАВЕЦЦА ЧЫЖЫКАМ.
ХТО ЗНОЙДЗЕ ЯГО – КАЛІ ЛАСКА, ВЯРНІЦЕ!
ВЕЛЬМІ ВАС ПРОСІЦЬ ЛЯЎКЕВІЧАЎ ВІЦЯ.
АДРАС: ЗЯЛЁНАЯ, СЕМДЗЕСЯТ ПЯЦЬ,
КВАТЭРА ШАСНАЦЦАЦЬ. БУДУ ЧАКАЦЬ!”
І людзі ў кватэру шаснаццаць прыходзілі,
Катоў беспрытульных да Віці прыводзілі:
У футры дзяўчынка,
дзядуля з кійком,
І дзядзька,
і хлопчык з малым хамяком.
А Віця сумуе:
“Не, гэта не Чыжык!
І поўстка не тая,
не Чыжык, а пыжык!”
Але ж накарміў ён катоў малаком,
Яшчэ пагуляў ён з малым хамяком.
Лашчацца рыжыкі,
труцца варкоцікі
Бокам і носам
аб ногі і боцікі.
А тата смяецца:
– Катоў мнагавата.
Быў Чыжык адзін, цяпер – поўная хата!
Але тут не трэба ні просьбаў,
ні слёз:
Не выганяць жа
іх на мароз!
Духмяны чай
Калі ты застудзіўся ў непагоду, –
Таблетак розных не глытай!
Найлепей – лыжка ліпавага мёду
І ліпавы духмяны чай.
І здасца: ліпа адчыніла дзеры,
Жаданай госцяй увайшла.
Павесялела раптам у кватэры
Ад цвету, быццам ад святла.
Зялёна-жоўтых кветак водар
Спакою пчолам не дае.
Пчала не спіць, пчала не лодар –
І так гудзе, нібы пяе.
Ты ачуняў, нібы не кашляў зроду.
Мы заўтра скажам: – Уставай!
Вось што такое лыжка мёду
І ліпавы духмяны чай!