Цік-Так
Цік-Так – гэта стары гадзіннік, які, колькі сябе памятае, вісеў на сцяне і спраўна адлічваў час – секунды, хвіліны і гадзіны.
– Цік-так, цік-так, – чулася ўсё цішэй і радзей. – О-хо-хо, – завойкаў Цік-Так, – пастарэў я. Цяжка мне ўжо хадзіць, ды і памяць зусім не тая, што некалі была.
І сапраўды. Вельмі часта блытацца ён стаў. Вось у панядзелак замест сямі гадзін раніцай налічыў толькі пяць. І ўсе праспалі: мама – на працу, Арцёмка з Волечкай – у школу. А ў мінулую суботу па яго віне Волька на школьны гурток спазнілася.
– Старасць не радасць, – уздыхаў гадзіннік.
Праз тыдзень Цік-Так зноў памыліўся. Потым яшчэ і яшчэ. Надакучыла гэта маме. І вось аднойчы яна прынесла прыгожы новенькі ружовы гадзіннік і паставіла яго на паліцу ў суседнім пакоі. Раніцаю ён гучна закукарэкаў. Усе адразу падхапіліся і пачалі збірацца. А гадзіннік не супыняўся: ён то кукарэкаў, то спяваў, то заліваўся салаўём. А то паведамляў дакладны час і тэмпературу ў пакоі. І гэтак штодзень з раніцы да вечара. І нават у выхадныя, калі нікому нікуды не трэба было спяшацца, ён гучна крычаў, спяваў і кукарэкаў. А Цік-Так моўчкі вісеў на сцяне ды сумна пазіраў навокал. Усімі забыты. Ніхто нават не глядзеў у яго бок. Як крыўдна!
Але аднаго разу ружовы гадзіннік змоўк. Відаць, села батарэйка. І ўсе пачалі наведвацца да старога сябра Цік-Така. Гадзіннік узрадаваўся. Нарэшце ён спатрэбіўся! Ад шчасця сэрца яго моцна забілася, як і раней: цік-так, цік-так!
– Уставайце! Ужо сонейка прачнулася, – будзіў стары гадзіннік гаспадароў.
– Дзякуй табе, даражэнькі, ледзьве не праспалі, – падхапілася мама.
А Волечка падбегла да яго, пагладзіла:
– І што б мы без цябе рабілі? Ты ж самы цудоўны!
Гадзіннік быў на сёмым небе ад шчасця. “Цік-так, цік-так,” – яшчэ гучней заспяваў ён, адлічваючы новы час…
Лёля БАГДАНОВІЧ