Ты іх бачыў?
Кіт вазіў ката –
Той любіў катацца.
Кот вучыў кіта
Муркаць ды куляцца.
Цэлы дзень у моры
Плавалі ў гуморы:
Кот скакаў
Цераз кіта,
Кіт скакаў
Цераз ката.
Сеўшы вечарам на плот,
Ласавалі смакатою:
Кіт – смятанай,
Кетай – кот…
Ты іх бачыў за ядою?
Сакрэт
У футбол Артур і Жэня
Могуць цэлы дзень гуляць.
Ім вароты –
Як мішэні:
Б’юць па іх – ажно грымяць.
Толькі двор увесь за сведку:
Хлопцы лётаюць наўскач,
Па варотах б’юць,
Ды зрэдку
Залятае ў сетку мяч.
Б’юць чамусь не з поўнай сілы,
Не заб’юць – махнуць рукой.
Ім сябры крычаць: “Мазілы”!
Што ні ўдар, то ў “малако”!
Не даўмецца той хвілінай
Тым, хто любіць падчапіць:
На варотах Ангеліна,
Як сяброўцы гол забіць?
Да таго ж футбольнай хваткі
У дзяўчынкі шмат самой.
Нездарма Артур пальчаткі
Падарыў яшчэ зімой.
І стаіць яна ў варотах,
Як сапраўдны варатар.
Дружбакам забіць ахвота,
Ды не той у іх удар.
Не капрызка, але ж можа
І пакрыўдзіцца яшчэ.
Будзе дужа непрыгожа,
Як заплача ды ўцячэ!
Ці захочацца ёй потым
З імі бегаць
След у след?..
А што мяч не йдзе ў вароты,
Што “мазілы” –
Іх сакрэт.
Колькі?
Я пайшоў у першы клас.
А са мной –
Сяргей,
Тарас,
Клава,
Зіна,
Кім,
Пятрусь,
Каця,
Саша
І Кастусь.
Нас рассаджваць пачалі –
Мы пяць партаў занялі.
І яшчэ ж у гэты час
Шмат зайшло дзяцей у клас.
Палічыў іх потым я –
Больш, чым нас, было ўдвая.
Колькі партаў месціць клас?
Колькі ўсіх у класе нас?
Чароўны матылёк
Верш-загадка
Вясной –
Матыльком на галінку саджуся.
Увосень –
З галінкі злятаю, кружуся,
Змагаюся з ветрам,
Што здолеў сарваць, –
Куды ён мяне занясе зімаваць?
Зімою пад снегам
Нагледжуся сноў,
Вясной жа —
На дрэве
З’яўляюся зноў.
А вы адкажыце,
Хоць гэта не ўрок,
Хто я —
Матылёк ці звычайны …… ?
Рой
Хоць унук не шаляніца,
Баба страчвала спакой:
Роя ўнучак не баіцца,
Гладзіць, чорнага, рукой.
Для Мікіткі ён – уцеха,
Для Мікіткі ён – сябрук:
На яго садзіцца верхам,
Калі трэба –
Корміць з рук.
Рой разумны,
Не назола,
Рад Мікіткавым сябрам.
Рой у доме без дазволу
Не кране нічога сам.
Не баіцца ўнук, што ўкусіць,
Хоць Рой шчэрыцца парой.
Вам усім цікава, мусіць,
Хто такі ён,
Гэты Рой?
Здагадайцеся ўжо самі,
Хто вартуе ноччу дом:
Рой з нагамі,
Рой з вушамі,
Рой кудлаты,
Рой з хвастом.
Мікола ЧАРНЯЎСКІ