Пішам казку разам
Аднойчы Мушык ішоў па лесе. Раптам лінуў дождж, падзьмуў вецер. Мушыку не было дзе схавацца, ён нават хаткі не меў. І тут ён пабачыў вялікі арэшак. Усярэдзіне ён аказаўся пусты, і Мушык вырашыў пасяліцца ў ім. Новая хатка Мушыку спадабалася. Яна была ўтульная, прыгожая і вельмі вялікая.
Трохі сагрэўшыся, Мушык узяўся за працу – змайстраваў лесвіцу, ложак. Стаміўшыся, прылёг адпачыць. Але хутка прачнуўся, бо пачуў чыесьці галасы. Мушык падышоў да дзвярэй і ўбачыў дзвюх мушак. Ён запрасіў іх да сябе. Так яны пачалі жыць разам. Было ім вельмі добра і весела.
Людміла МАЙДАНОВІЧ,
Рэчыцкі раён.
Мушык і яго сябры пайшлі збіраць сухія травінкі, каб зрабіць хатку цяплейшай. Але калі вярнуліся – хаткі ўжо не было. Мабыць, нейкі звер наступіў на яе. Засмуціліся сябры. “Трэба шукаць іншы дамок,” – сказаў Мушык. І сябры адправіліся на пошукі. Мушкам было вельмі холадна. Яны грэліся каля выпадкова знойдзенай запалкі, але гарэла яна зусім нядоўга. Урэшце сябры вырашылі, што ім лепей падзяліцца і шукаць новую хатку ў розных месцах. Дамовіліся сустрэцца вясной. Беспрытульны Мушык зноў застаўся адзін.
Ангеліна СКВАРЧЭЎСКАЯ,
г. Дзяржынск.
Раптам Беспрытульны Мушык заўважыў, што лісточкаў няма, і ўсё пакрылася нечым белым. Ён здагадаўся, што гэта прыгожы, але халодны снег. Мушык пабачыў на снезе ямку і задумаўся: што гэта за ямка і хто яе зрабіў? Ён лёг на зямлю і заплакаў ад холаду і самоты. Ён плакаў і плакаў. Потым Беспрытульны Мушык гэтак стаміўся, што і плакаць ужо не мог. І тады з ямачкі, якую заўважыў Мушык, вылез маленькі ружовы Чарвячок. Ён пашкадаваў Беспрытульнага Мушыка, і Чарвячок запрасіў сябра да сябе. Яны гулялі ў шахматы, кубікі, складалі пазлы, глядзелі мульцікі і чыталі кнігі. Урэшце Мушык так нагуляўся, што забалела галава, і яму закарцела вылезці на свежае паветра. Ён развітаўся з Чарвячком, падзякаваў за дапамогу і зноўку рушыў шукаць сабе хатку. Было холадна, Мушык укруціўся ў лісток, які выпадкова знайшоў. Але падзьмуў моцны вецер, і раптам Беспрытульны Мушык разам з лістком узняўся высока ў небёсы і паляцеў. Яго чакалі новыя сябры і прыгоды.
Альжбэта МАЛІШЭЎСКАЯ-СПРЫНЧАН,
г. Мінск.