Вершы Васіля Дэбіша
Понедельник, 24.02.2014 12:35. Рубрика: Вершы
Ноч марозная. На небе
Ані зоркі, ні адной.
Сонны месячык цярэбіць
Хмар пуховае радно.
Цішыня. Няспешна, роўна,
На абрысы дрэў і стрэх
Камячкамі белай воўны
Мякка так кладзецца снег.
Верабейчык
Верабейчык ціў-ціў-ціў –
Колас дзюбкай ухапіў.
Заспяшаўся: пад павеццю
У яго малыя дзеці.
Верашчаць вераб’яняты:
– Чык-чырык – вярнуўся тата.
– Чык-чырык – выводзіць звонка
Побач вераб’іха-жонка.
– Чык-чырык, – шчаслівы татка, –
Вось вам, дзеткі, па зярнятку.
Пад павеццю вэрхал, крык
Верабейкаў чык-чырык.