Паэту Казіміру Камейшу – 70 гадоў
Зімовы верш
На паляне дзіўны след блукае.
Глянеш – і вачэй не адвядзеш.
Піша заяц белымі радкамі
Свой зімовы,
Свой вясёлы верш.
Лапкаю і гэтаю, і тою
Адбівае белы свой слядок.
Кіпцікамі, мяккаю пятою
Падганяе літары ў радок.
Піша і на пушчу косіць вочы,
Белым захліпаецца святлом.
Піша, як яму сягоння ноччу
На паляне весела было.
Снежны аркуш, белы ён і гладкі,
Сцелецца праз пушчу напрасткі.
Скочыць толькі – і чатыры лапкі
У чатыры вяжуцца радкі.
Ёсць там згадкі нават пра завею,
Пра сняжок з дажджом уперамеж.
Хто сляды зімой чытаць умее,
Той і прачытае гэты верш.
Помнік каню
Узляцеў ён і застыў.
Глянуў – не паверыў.
А ліхія капыты
Стынуць у паветры.
Вецер грыву падхапіў,
Аж іскрацца вочы.
Конь з агню, напэўна, быў,
Ён імчаўся з ночы.
Хтосьці звабіў рысака
Ці аўсом, ці ласкай.
Ён у город прыскакаў
З нейкай даўняй казкі.
Адлівае сонцам медзь,
Ды каню пакута:
Ён не можа ўзляцець –
Да зямлі прыкуты.
Хітры кот
Калі ў хаце хітры кот,
Дык ва ўсім ён хітры.
То заскочыць ён у бот,
Вус вяльможны вытра.
То залезе ў ранец мой,
Выскачыць у школе.
Як цыркач з манежа той,
Нумарок адколе.
То прытворыцца, што спіць,
Змоўкне нечакана,
Ну а сам на збан глядзіць –
Чуе там смятану.
Тата цэлы дзень злаваў,
Браўся за папружку –
Тапкі таты кот схаваў
Тату пад падушку.
Кот не можа без прыгод –
Штось парве, паломіць,
Ловіць момант хітры кот,
А мышэй не ловіць.
Авёс і восы
За вёскаю – авёс…
Такі палёў размах.
За вёскаю ад вос
Ратунку мне няма.
Хоць любіць конь авёс,
Наўцёк з яго бяжыць.
Перакуліўся воз,
Парваліся гужы.
За мной ляціць рой вос.
І джаляць, і пякуць.
За вёскаю – авёс…
У вёску я ўцяку.
А там – бяды такой –
І ў хату я ўцяку.
А мой гарачы конь
Схаваецца ў цяньку.
Казімір КАМЕЙША