Навагодні маскарад
Среда, 5.02.2014 09:34. Рубрика: Вершы
РЫСЬ
Маскарад вясёлы ў лесе.
Рысь мурлыча: “Я – прынцэса!”
На галіне, як на троне,
ў ледзяной сядзіць кароне.
ЗАЯЦ
Выбег жвавы заяц зранку
на знаёмую палянку,
і даўмеўся ён ледзь-ледзь,
дзе ліса, а дзе мядзведзь!
МЯДЗВЕДЗЬ
Жаху ўсім мядзведзь задаў.
Гляньце, сёння ён – удаў!
Маскаю такой прыкрыўся,
што аж сам у снег зваліўся.
ЛІСА
А ліса каля янота
круціцца: “Мой дарагі,
сёння я ў шыкоўных ботах,
з тварыкам – Бабы-Ягі!”
ВОЎК
Воўк, да гульняў розных строгі,
у лася пазычыў рогі.
І сказаў: “Вось, калі ласка,
паглядзіце, чым не маска?!”