Дзе жывуць “снежныя” малпы?
Усе ўяляюць, што малпы жывуць толькі ў цёплых краях. Але ж ёсць і “снежныя” малпы. Іх радзіма – Японія. А снежнымі яны завуцца таму, што жывуць у заснежаных гарах. “Снежныя” малпы – сапраўдныя вынаходнікі, бо прыдумалі, як сагрэцца сярод ільдоў і снягоў. Яны проста прымаюць гарачыя ванны! Справа ў тым, што з-пад зямлі ў гарыстай мясцовасці б’юць гарачыя крыніцы, утвараюць азярынкі з цёплай вадой. Грэючыся ў іх, малпы могуць заставацца ў гарах усю зіму.
А вясной нараджаюцца новыя малпачкі. Яны прыходзяць у свет з адкрытымі цікаўнымі вочкамі, пухнаценькія, у новым густым футры. Малпяня нават можа адразу ж хапацца ўчэпістымі лапкамі за матчыну поўсць з першых хвілін жыцця. Малы вісіць на маці і такім чынам падарожнічае з ёю паўсюль.
Фантаст-Усёвед
ТЭРЫТОРЫЯ ЭРУДЫТАЎ
Выберыце краіны, якія з’яўляюцца радзімай малпаў:
Бразілія
Аўстралія
Эстонія
Беларусь
Украіна
Францыя
Італія