Таямнічы дамавічок
Дзяўчынка Арына расла ў вялікім горадзе. Была яна вельмі непаслухмяная і гарэзлівая. То міску разаб’е, то сукенку падзярэ, абрус парэжа, рукавіцы пагубляе… Шмат клопатаў мелі з ёй бацькі. Вось і вырашылі яны адвезці Арыну на лета не ў піянерскі лагер, а да бабулі Акуліны на выхаванне.
Бабуля жыла на хутары, які стаяў сярод густога лесу. Перад лесам рассцілаўся квяцісты луг, на якім пасвіліся козы і белагрудыя пузатыя гусі. Вакол хаты рос даўно здзічэлы сад. Навокал было ціха, адусюль павявала дрымотным спакоем.
Раніцай Арына прачнулася ад рэзкага свісту. Потым за сцяной пачуўся грукат. Дзяўчынка баялася варухнуцца. Сэрца яе стукала, нібы гадзіннік. На шчасце, у гэты момант дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшла бабуля. Яна зазірнула ў спалоханыя вочы Арыны і зразумела, у чым тут справа:
– Што, унучка, гэты свавольнік цябе пабудзіў?
– Пра каго ты пытаеш, бабуля? – пацікавілася Арына.
– Не пужайся, гэта наш дамавік Антошка жартуе.
– Ён у нас жыве?
– Ага, гаспадарку вартуе, дом даглядае, бяду адганяе.
– Бабуля, а з ім можна пасябраваць?
– Пачакай, ён сам будзе за табой назіраць, а потым вырашыць, ці варта з табою сустрэцца. Ёсць у яго свае ўмовы для сяброў, – прыжмурыўшы вочы, сказала Акуліна.
З нецярплівасцю і хваляваннем чакала Арынка працягу гісторыі. Ёй хацелася сустрэцца з дамавічком.
Увечары, перад сном, бабуля расказала дзяўчынцы, што трэба зрабіць, каб Антошка пасябраваў з ёю:
– Па-першае, абавязкова слухайся старэйшых. Па-другое, калі даеш абяцанне, не забывайся яго выконваць! Дамавічок будзе пільна сачыць за тваімі паводзінамі і потым вырашыць, ці прайшла ты выпрабаванне.
Раніцай, паснедаўшы, дзяўчынка зноў прычапілася да бабулі:
– А як мы даведаемся, ці хоча сябраваць са мной дамавічок?
– Ён жыве пад печкай. Мы штовечар будзем пакідаць яму сподачак з малаком. Калі раніцай сподачак будзе пусты, значыць, ты нешта кепскае за дзень зрабіла. А калі ў сподачку застанецца малачко – сустракай госця.
Цэлымі днямі старалася ўнучка выправіць свой характар. А бабуля штовечар налівала свежае малако ў сподачак і ставіла ў падпечак. Прачынаючыся, Арына бегла да печы зазірнуць у сподачак. Але ён заўсёды быў пусты.
Так праплыло лета. У канцы жніўня прыехалі бацькі забраць Арыну ў горад. Не пазналі яны сваю гарэзу – вырасла і пасталела.
– Мамулечка, татулечка, – сказала Арынка, – я вырашыла стаць дарослай, досыць быць малой!
Бабуля Акуліна са шкадаваннем праводзіла ўнучку ў горад. А следам за бабуляй бегла кошка Аліса і радасна мяўкала на ўсю ваколіцу, нібыта гаворачы: “Бачыце, якая я разумная, усё малако выпіла!”
Таццяна Цехнебедзіна