Крышку пра кніжку
дык дзівосы пад самыя Каляды дзеюцца ў кватэры на апошнім паверсе самага высокага дома ў горадзе! Дзяўчынка Віка і яе любая хросная – прыдумшчыцы і добрыя душы: то фабрыку па вытворчасці сняжынак наладзяць, то запросяць усіх ахвотных спусціцца на горных лыжах проста з акна сваёй кватэры, то разам з дзецьмі з суседніх дамоў лепяць снежнага каня, які, пачапіўшы чароўны шалік, ператвараецца ў сапраўднага Пегаса!..
Навагоднія падарункі для дзяцей і дарослых так і падаюць з неба, збываюцца ўсе-ўсе-ўсе мары – нават самыя запаветныя і нявыказаныя, а дзівосаў і дабрыні ў свеце становіцца болей!
Пра ўсё гэта распавядае цудоўная кніга беларускай пісьменніцы-казачніцы Алены Масла “Каляды з хроснай: праўдзівыя гісторыі і крыху чарадзейства”. А яшчэ ў кнізе ёсць рэцэпты добрых цудаў. Паспрабаваўшы здзейсніць іх, вы, дарагія сябры, атрымаеце сапраўднае казачнае свята!
Першы раз кніга выйшла ў 2005 годзе ў выдавецтве “Кавалер Паблішэрз” – і адразу атрымала Дыплом чытацкіх сімпатый ад Беларускай Бібліятэчнай Асацыяцыі. Выдавецтва “Мастацкая літаратура” летась здзейсніла перавыданне кнігі па-беларуску, і на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі-2012” у намінацыі “Разам з кнігай мы расцём” яе ўганаравалі Дыпломам 1-й ступені. А напярэдадні Новага 2014 года “Каляды з хроснай” выдалі яшчэ ў Расіі і Украіне – у перакладзе на рускую і ўкраінскую мовы.
Вася ВЯСЁЛКІН