Навагодні цуд
Малы Сяргейка прыйшоў з дзіцячага садка пасля навагодняга ранішніка і пахваліўся старэйшаму брату Валодзю:
– А да нас на свята прыходзіў сапраўдны Дзед Мароз! Частаваў цукеркамі, вадзіў з намі карагод, спяваў песні, а галоўнае – абяцаў прыйсці навагодняй ноччу да кожнага і пакінуць падарункі пад ёлкай!
– Малы ты яшчэ, братка! Не бывае ніякага Дзеда Мароза!
– Не мані, я сам бачыў!
– Каго бачыў?! Адна з выхавацелек пераапранулася, начапіла бараду, узяла мех з цукеркамі, а вы і раты раскрылі.
– Усе нашы выхавацелькі былі на ранішніку! – ледзь стрымліваў слёзы Сяргейка. – Вось пабачыш, Дзед Мароз нам падарункі прынясе!
– Падарункі пад ёлку нам бацькі заўсёды кладуць!
Сяргейка насупіўся і, пакрыўджаны, пайшоў у свой пакой. Старэйшы брат вельмі засмуціў яго. Аднак малы цвёрда вырашыў дазнацца, ці існуе казачны дзед насамрэч! Няўжо гэта ўсё выдумкі?!
У навагоднюю ноч Сяргейка з усіх сіл стараўся не заснуць, каб не прапусціць сустрэчы з Дзедам Марозам. Але ён вельмі стаміўся і апоўначы прылёг адпачыць на канапу. Бацькі пайшлі павіншаваць суседзяў, а Валодзя ўжо спаў у сваім пакоі. Сяргейка трымаўся з апошніх сіл, але вочы заплюшчваліся самі сабой.
– Можа, і няма ніякага Дзеда Мароза? – засумняваўся малы.
Сяргейка расчаравана ўздыхнуў і ўжо хацеў ісці ў свой ложак, як раптам… На балконе пачуўся нейкі шум, потым ціхенька адчыніліся балконныя дзверы, і ў залу ўвайшоў самы сапраўдны Дзед Мароз! За сабой ён цягнуў такі вялікі мех з падарункамі, што доўга не мог праціснуцца. Сяргейка баяўся варухнуцца, бо госць нібыта і не заўважаў яго. Дзед Мароз паклаў пад ёлку падарункі і прысеў на хвілінку адпачыць.
– Ну, час рухацца далей! – сказаў ён сам сабе. – Мяне яшчэ шмат дзяцей чакае!
У гэты момант Сяргейка вырашыў гукнуць Валодзю, каб той на свае вочы пабачыў сапраўднага Дзеда Мароза.
– Валодзька! Валодзя! – з усяе моцы закрычаў хлопчык.
Перапалоханы госць кінуўся з мехам да дзвярэй балкона. Сяргейка хацеў схапіць старога за крысо футра, але зачапіўся, паваліўся на падлогу і… прачнуўся!
За акном свяціла сонейка. Сяргейка ляжаў на канапе, акуратна накрыты коўдрай. Напэўна, мама не захацела будзіць яго і пакінула спаць на канапе…
– Няўжо я праспаў усю ноч?! – абурыўся малы. – І Дзед Мароз мне толькі прысніўся?! Твая праўда, Валодзя: мабыць, няма яго…
Але тут Сяргейка зірнуў пад ёлку і ўвесь ажно заззяў ад шчасця: там стаялі менавіта тыя падарункі, якія пакідаў начны госць! Пацёр хлопчык лоб, потым радасна ўсміхнуўся і сказаў:
– Дзякую, Дзядуля! Прыходзь да нас і на наступны год!
Кацярына ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВАЯ