Гарошынка-вандроўніца
На дзень нараджэння мама падаравала Настачцы сукенку ў гарошак. Малая вельмі палюбіла сукеначку. Часта пералічвала гарошынкі на ёй, нібыта баялася, што яны згубяцца. Але гарошынкі спалі салодкім сном і ніколі не пакідалі сукенку.
Праўда, была сярод іх адна вельмі цікаўная Гарошынка. Для яе гэты свет здаваўся такім вялікім і нязведаным, што хацелася як мага больш пазнаць яго. Часам Гарошынка саскоквала з сукенкі і адпраўлялася ў вандроўку па хаце. Павандруе, паразглядвае ўсё навокал – і вяртаецца назад на сваё звыклае месца.
У суботу Настачка разам з мамай вырашылі схадзіць на прагулку ў парк. Дзяўчынка надзела любімую сукеначку. Гарошынка вельмі ўзрадавалася: яе чакала новае падарожжа. Перад паходам, як і звычайна, Настачка пералічыла гарошынкі на сукенцы. Усе былі на месцы.
У парку, калі Настачка бегла па дарожцы, яна заўважыла на дрэве дамок. Малая спынілася і пачала яго разглядваць.
Раптам высока ў небе, ледзь не пад самымі аблокамі, дзяўчынка ўбачыла белую галубку. Птушка праляцела над Настачкай і шмыганула ў дамок.
Цікуючы за галубкай, захацела палётаць і Гарошынка. Пакуль астатнія гарошынкі спалі, яна адштурхнулася і саскочыла з сукенкі…
Настачка з мамай вярнуліся дадому, а Гарошынка засталася ў парку.
Дома дзяўчынка стала пералічваць гарошынкі і раптам заўважыла, што адной не хапае.
Тым часам Гарошынка сядзела ў парку пад дрэвам, на якім была хатка галубкі, і плакала.
Пачула плач галубка і спусцілася ўніз.
– Што здарылася? Чаму ты плачаш? – пацікавілася галубка.
– Ды вось, уцякла з сукенкі, а цяпер не ведаю, як вярнуцца дадому, – прызналася Гарошынка і распавяла ўсю гісторыю ад пачатку і да канца.
– Не плач, я табе дапамагу, – супакоіла Гарошынку галубка. – Сядай мне на спіну.
Гарошынка паслухалася, і яны разам паляцелі на пошукі дома, у якім жыла Настачка.
Увечары Настачка пачула стук у акенца. Дзяўчынка расхінула фіранкі і ўбачыла белую галубку. Адчыніла акно – і галубка працягнула ёй крыло, на якім сіратліва прытулілася Гарошынка. Малая вельмі ўсцешылася.
– Шчыры дзякуй табе, мілая галубка, – сказала Настачка і зняла з крыла Гарошынку. Так Гарошынка зноў вярнулася на сукенку і з таго часу больш ніколі не пакідае яе.
Таццяна ПРЫШЧЭПАВА