Рухавік прагрэсу
Вось і закончыўся 2013 год. Для чытачоў “Вясёлкі” ён стаў адметным яшчэ і таму, што з нумара ў нумар разам з вамі мы знаёміліся са знакавымі вынаходніцтвамі чалавецтва. Даведаліся пра тое, як была адкрыта электрычнасць, вынайдзены колы і сканструяваны аўтамабілі, з чаго пачалося асваенне космасу і хто прыдумаў радыё… Зразумела, што тэмаў для вывучэння засталося нашмат больш, чым магчыма ахапіць у дванаццаці нумарах часопіса. Але ж, спадзяюся, наша рубрыка дапамагла абудзіць цікаўнасць, дазволіла на звыклыя рэчы зірнуць па-новаму і натхніла кагосьці з вас заняцца даследчай працай. Тым больш, што цудоўныя вынаходніцтвы чалавецтва – кнігі, камп’ютары, інтэрнэт – захоўваюць каштоўную інфармацыю і заўжды адкрытыя для дапытлівага розуму.
А напярэдадні навагодняга свята, падчас якога паўсюль гаспадарыць казка, гаворка пойдзе пра яе, гаспадыню цудаў і дзівосаў. “Ну і пры чым тут адкрыцці стагоддзяў?” – можаце спытаць вы.
Давайце разважаць разам.
Даўным-даўно, калі людзей ад тэхнічнага прагрэсу яшчэ аддзяляў шлях у тысячагоддзі, чалавечая фантазія ўжо стварала казкі.
У казках магчыма ўсё, бо межаў фантазія не мае. Вось і марылася чалавеку пра хуткае пераадоленне вялікіх адлегласцей, пра магчымасць імгненна пачуць і пабачыць тое, што робіцца дзесьці ў свеце… Так і з’яўляліся ў казках незвычайныя боты-скараходы, дываны-самалёты, чароўныя люстэркі… Казкі перадаваліся з вуснаў у вусны, і ў расказчыкаў была магчымасць дадаць свае прыдумкі ў карагод незвычайных падзей, ператварэнняў, прыгод.
Вось так складальнікі казак і апавядальнікі абуджалі фантазію, уяўленне людзей. А з цягам часу знаходзіліся людзі з інжынерным, канструктарскім мысленнем, якія пачыналі думаць – як гэта, сапраўды, зрабіць, каб адлегласці пераадольваліся хутка, весткі адпраўляліся імгненна? І пакрысе з’яўляліся ў чалавецтва і аўтамабілі, і тэлевізары, і самалёты…
Вось так, мой дружа, і атрымліваецца, што казка – магутны абуджальнік фантазіі. Яна рухае тэхнічны прагрэс! Возьмешся чытаць чарадзейныя казкі, складзеныя народам – будзь уважлівы, і сам упэўнішся, колькі ідэй і мараў зафіксавана ў іх!
Ёсць у казках яшчэ адно незвычайнае прыстасаванне, якім, відаць, жадаў бы валодаць кожны – чароўная палачка. Махнуў – і якое заўгодна жаданне здзейсніцца! Можа нават падацца, што яна адмыслова для гультаёў створаная, якія не хочуць нічога рабіць, але мараць усё мець. Але ж і тут казка дае падказкі. Чарадзейныя палачкі ў розныя рукі трапляюць, і да ліхіх людзей таксама. Але ж усе багацці свету ўрэшце аказваюцца ў працавітага, адважнага героя, які шукае праўды. А праўда, калі верыць казцы, у тым і палягае, каб слабейшаму дапамагчы, выбавіць пакрыўджанага, спагадліва паставіцца да кожнай жывой істоты на зямлі і самой зямлі, са шчадротаў якой чалавек жыве.
Калі добра падумаць, чароўнай палачкай валодае той, хто ўмее свае мары ператвараць у добрыя справы.
Жадаю, каб у Новым годзе, дружа, у тваім жыцці гаспадарыла казка! Дабро ў ёй заўжды перамагае. У кожнага, хто гэта памятае і хто да гэтага ў сваім жыцці імкнецца, ёсць шанец стаць добрым чараўніком і памножыць спіс цудаў і новых адкрыццяў!
Жартоўная казачная віктарына
1. Назавіце казачны правобраз аўтамабіля. (Боты-скараходы)
2. Якія казачныя лятальныя апараты вы памятаеце? (Памяло, ступа, дыван-самалёт)
3. Назавіце першую жанчыну-лётчыцу. (Баба-Яга)
4. Згадайце казачны правобраз тэлевізара. (Люстэрка, якое паказвала, што ў свеце дзеецца)
5. Якое прыстасаванне ў казках варыць есці, а пры неабходнасці ператвараецца ў транспартны сродак? (Печ)
6. Апошнім часам у дапамогу гаспадыням створана разнастайная побытавая тэхніка для гатавання ежы. Які казачны прадмет нагадваюць сучасныя мікрахвалёўкі, аэрагрылі ды мульціваркі? (Самабраны абрус)