Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
24. Юні-Юні збірае сяброў
Юні-Юні і Вася Вясёлкін задумаліся: дзе сабраць сваіх верных сяброў? Ніводны палац, ні самая вялікая Лясная паляна не змесціць усіх ахвотных. І вырашылі правесці сустрэчу сяброў праз інтэрнэт.
У пэўны дзень і ў вызначаны час дзеці Беларусі ўключылі свае камп’ютары, скайпы на мабільніках, планшэтах. Да ўсіх звярнуўся Юні-Юні:
– Дарагія сябры! Цэлыя два гады з дапамогай вашага любімага часопіса “Вясёлка” я размаўляў з вамі. Мне хацелася даходліва і памятліва давесці да вас дакумент, які называецца “Канвенцыя аб правах дзіцяці”. Цяпер жадаю паслухаць вас…
Тут жа прыляцелі тэрміновыя паведамленні. Віця з Наваполацка напісаў:
– Дзякую, Юні-Юні, што наш малады горад прызнаны горадам, сяброўскім дзецям. З намі лічацца дарослыя, якія кіруюць усімі камбінатамі, заводамі, школамі. Мы адчулі, што і нашы правы пад моцнай абаронай.
– А ведаеш, Юні-Юні, – паведаміў Міша, – мы, пінчане, ганарымся сваім старажытным горадам, бо і нам ты надаў высокае званне – “Горад, сяброўскі дзецям”. Як жа хочацца хутчэй вырасці і рабіць вялікія справы!
З Мінска сваю споведзь напісала гімназістка-трэцякласніца Аліна:
– Добрыя справы, я лічу, бываюць вялікія і не вельмі. Пакуль я маленькая, то і мае добрыя справы невялікія. Я дапамагаю бацькам па дому, бабулі ў вёсцы, сябрам і аднакласнікам у школе. А яшчэ ўзімку раблю кармушкі для птушак.
Адгукнулася Паліна з Рэчыцы:
– Мне вельмі падабаюцца казкі, у якіх ты, Юні-Юні, і Вася Вясёлкін дапамагаеце дзецям і жывёлам, што трапілі ў бяду.
– Калі я чытаю твае казкі, Юні-Юні, – прызналася Насця з Быхава, – то вучуся сябраваць. І не толькі з дзецьмі, але і з хамячком Хомкам, з сабачкам Шарыкам…
Даслаў сваю эсэмэску і Упаўнаважаны па правах дзіцяці ўсіх лясных жыхароў магутны волат Зубр: “Мы ўдзячны Юні-Юні за нястомную працу з намі. Ён – сапраўдны дабрадзей!”
Інтэрнэт напоўніўся дзіцячымі галасамі. Здавалася Юні-Юні і Васю Вясёлкіну, што над усёй прасторай краіны ляціць вялізны-вялізны паветраны шар. З яго чуецца шчырае прызнанне дзецям. І раптам з касмічнай вышыні на ўсю Беларусь палілася песня выхаванцаў дзіцячага садка “Ліхтарык”:
Як весела, як весела ў садочку нам гуляць,
Таму што разам з Юні нам нельга сумаваць…
Мы ведаем, мы ведаем, як трэба ўсім нам жыць,
Краіну нашу матчыну сардэчна палюбіць.
Расчулены Юні-Юні ўзяў заключнае слова:
– Мае дарагія юныя сябры! Вы пацешылі мяне сваімі паведамленнямі. Значыць, я выканаў наказ сваёй Мамы. Адлятаючы да яе, хачу ўсіх вас папрасіць: шануйце сваіх бацькоў, і тады вам заўсёды будзе добра, і вы будзеце доўга жыць. Палюбіце сваіх бліжніх, тады вы палюбіце ўсіх людзей і сваю Айчыну. І вам стане зразумела: хто вы, навошта жывяце ў гэтым свеце.
– Правільна, Юні-Юні, – падхапіў размову Вася Вясёлкін. – Веданне свайго Я, сваіх чалавечых правоў дапаможа кожнаму зразумець, які ён сын ці дачка бацькоў. Разам з гэтым прыйдзе глыбокае разуменне нашай агульнай, мілай і роднай Бацькаўшчыны, якая называецца БЕЛАРУСЬ.
Юні-Юні нагадаў адрас сваёй інтэрнэт-старонкі: www.unicef.by. І заклікаў пісаць яму ў любы час сутак і з усялякай нагоды. Ён пачуе голас абанента на самай далёкай касмічнай арбіце.
Ад Юні-Юні пажаданні:
Kinder, children, дзеці! Жывіце так, каб умацоўваць, фарміраваць любячую клапатлівую сям’ю.
Любіце сваю Маму, а ў яе вобразе – Маці Божую!
Любіце свайго Бацьку, а ў яго вобразе – сваю Бацькаўшчыну!
Уладзімір ЛІПСКІ.