Самы вясёлы жанр цырка
Клаўнада як цыркавы жанр складаецца з камічных сцэнак, выкананых клоўнамі. Слова “клоўн” ад лацінскага «colonus» – чалавек з народа. Далёкімі папярэднікамі клоўнаў-музыкаў з’яўляюцца скамарохі – удзельнікі народных святаў і гулянняў. Яны разыгрывалі смешныя сцэнкі, выконвалі акрабатычныя, гімнастычныя трукі, спявалі, скакалі і гралі на розных музычных інструментах. Адным словам, забаўлялі народ.
На фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве ёсць выявы скамарохаў, якія скачуць пад бубен з ражкамі, званочкамі, лыжкамі, балалайкамі. Часцяком скамарохі апраналіся ў казіныя і мядзведжыя шкуры, прымацоўвалі бароды і вусы з саломы, вымазвалі сажай твар, карысталіся маскамі.
Ад вандроўных камедыянтаў гэта традыцыя перайшла на падмосткі балаганаў, адтуль – на цыркавы манеж. Клоўны цырка сталі спалучаць музіцыраванне з камічнымі дзеямі. Музычныя клоўны стварылі мноства незвычайных інструментаў. Так з’явіліся піла, «якая спявае», камяні, патэльні, бярозавыя дровы, падабраныя ў пэўнай танальнасці, бутэлькі з вадой, налітай на розныя ўзроўні і настроенай на пэўны лад. У арсенал музычных інструментаў увайшлі таксама званочкі, бразготкі, спевуны-мячы, а таксама гітары, мандаліны, скрыпкі.
Клоўнаў падзяляюць на “сола-выступоўцаў” (выконваюць маналогі, разыгрываюць монаспектаклі, паказваюць акрабатычныя трукі і дрэсіраваных жывёл), “кавёрных” блазнаў, якія працуюць удвох, утрох ці групай.
Клоўны Юрый Тарасёнак і Наталля Суворава выступаюць у Беларускім дзяржаўным цырку, і менавіта аповедам пра такі вясёлы цыркавы жанр, якім жывуць гэтыя таленавітыя артысты, мы вырашылі завяршыць рубрыку “Вясёлка запрашае ў цырк!” Дзякуем за вашы лісты з адказамі на пытанні ад артыстаў цырка, спадзяемся, што тыя з вас, хто яшчэ не наведаў цырк, абавязкова там пабудуць! Юрый Тарасёнак – майстар спорту па спартыўнай гімнастыцы СССР, які доўгі час працаваў сола-клоўнам. Наталля Суворава раней працавала артысткай арыгінальнага жанру (хула-хупы, музычная эксцэнтрыка, дрэсіроўка малпаў і сабак). Артысты задалі вам пытанне пра цырк: пералічыце знакамітых клоўнаў свету. Свае адказы дасылайце ў рэдакцыю, і можа, менавіта вы будзеце запрошаны ў цырк! А калі завітаеце на спектакль у цырк, то зможаце пабачыць цікавыя нумары, распрацаваныя іх дуэтам: «Пан Жоржык і Гаўрош», «Сабака-танцор і Пудзель-матэматык», «Музычная эксцэнтрыка», «Каўбойскае радэа».
Да новых сустрэч у новым 2014 годзе!
Анастасія Радзікевіч