ЯНКА І СЛАНЕЧНІК Наталля Гарбачова
Янку шэсць гадоў. Ён жыве з татам, мамай і бабуляй у вялікім горадзе.
Бабуля і мама працуюць настаўніцамі, таму і Янку ўвесь час выхоўваюць. А вось тата ў яго біёлаг. Гэта такая прафесія, калі вывучаюць усіх істот, якія жывуць на зямлі. Але нікога, апроч Янкі, таты, мамы і бабулі, у іх кватэры не было. Хлопчык вельмі хацеў сабаку і котку, а яшчэ хамяка з папугайчыкам. Але не дазваляла хвароба з загадкавай назвай «алергія».
І сяброў у Янкі таксама не было. У дзіцячы сад ён хадзіў рэдка, бо хварэў часта і падоўгу. «Гэта ад дрэннай экалогіі,» – казала бабуля. Падысці і пазнаёміцца з дзецьмі на вуліцы Янка не мог – баяўся чамусьці, вельмі баяўся. «Гэта таму, што дзіця мала бывае ў дзіцячым калектыве,» – сцвярджала бабуля.
Сёлета Янкавы бацькі купілі дачу. Вось і адправілі яго туды з бабуляй на ўсё лета. І там Янка пасябраваў… са сланечнікам. Вядома, гэта трохі дзіўна. Яны ж такія розныя. Янка зусім невысокага росту і вельмі нясмелы. А сланечнік за лета выцягнуўся, разгарнуўся і стаў нашмат вышэйшым за Янку. Ён радасна працягваў сонцу свае ярка-жоўтыя пялёсткі і нічога не баяўся! Ні моцнага ветру, ні дажджу, ні крумкачоў, якія панадзіліся дзюбаць яго недаспелыя семкі.
Штораніцы Янка прыходзіў да сланечніка. «Прывітанне!» – казаў хлопчык. Сланечнік ківаў у адказ. «Расцеш?» – пытаўся Янка, і сланечнік ганарліва выпростваў сцябліну. «Хутка ты будзеш такім высокім, што я не змагу ўбачыць, як выспяваюць твае семкі!» – маркоціўся Янка. Незвычайны сябар прыязна дакранаўся сваім буйным лістом да рукі хлопчыка. Сланечнік дзяліўся пылком з пчоламі, затуляў ад дажджу мошак, дазваляў павукам раскідваць на сабе павуцінне. У гарачы дзень у яго цені жабкі хаваліся ад сонца. Часам да яго завітвалі мурашкі, але яны хутка ўцякалі.
Янку вельмі спадабалася сябраваць са сланечнікам. Хай з ім нельга было пагуляць у «даганялкі» ці «хованкі», але ён навучыў хлопчыка важным рэчам. Трэба дапамагаць іншым. Заўсёды можна знайсці, чым падзяліцца з тымі, хто навокал. І галоўнае – не трэба баяцца!
Калі прыйшла пара пакідаць дачу, бабуля сфатаграфавала Янку са сланечнікам. «На доўгую памяць,» – сказала яна. А ў кішэні ўнука ляжалі семкі – падарунак сланечніка. Наступнай вясной яны з бабуляй пасадзяць іх у агародзе. Улетку вырасце цэлы гурт сяброў-сланечнікаў.