Наш каштоўны дар
Зямлю нашу называюць зямлёй з блакітнымі вачыма. І нездарма, бо ў Беларусі больш за дзесяць тысяч азёр і дваццаць тысяч рэк. Гэта яе найвялікшы скарб.
Спакон вякоў беларускія гарады будаваліся на берагах рэк. Нашы найпрыгажэйшыя блакітныя шляхі – Дняпро, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Бярэзіна, Нёман, Свіслач. Іх моц, мудрасць, хараство апявалі ў сваіх вершах выдатныя беларускія паэты. Калі дакрануцца далонямі да вады, можна адчуць яе прыемны халадок. Сама вада спазнае, ці добры вы чалавек, прачытае вашы патаемныя думкі і ўзнёслыя пачуцці. Яна валодае асаблівай памяццю.
Вада – каштойны дар чалавеку. Няма яе – няма жыцця.
Вада – вялікі мастак прыроды і яе будаўнік.
Вада – гіганцкі рухавік. Яна надзелена вялікай сілай. Акадэмік Карпінскі называў ваду жывою крывёй, якая стварае жыццё там, дзе яго не было.
Вада – самая загадкавая і прыгожая стыхія. Яна гаспадарыць у царстве надвор’я. Дорыць людзям шчасце і дабрабыт.
Вада – цудоўны доктар, бо сам чалавек складаецца з вады.
Гімнам вадзе гучаць словы французскага пісьменніка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы: “Вада, у цябе няма ні колеру, ні смаку, ні паху, цябе нельга апісаць, ад цябе атрымліваюць асалоду, не ведаючы, што ты такое. Нельга сказаць, што ты неабходная для жыцця: ты сама – жыццё. З табою вяртаецца да нас моц, з якою мы развіталіся…”
Але ў апошні час над вадою навісла пагроза. Яна прыйшла нечакана, як хвароба. Развіццё прамысловасці, сельскай гападаркі, рост насельніцтва вядуць да забруджвання рэк, азёр. А гэта пагражае вялікімі бедамі. Японскі даследчык Масару Эмота гаварыў: “Забруджванне вады – гэта вынік забруджвання душы, і калі мы не зменімся, то ніколі не вернем першапачатковай чысціні вады…”
Тры чвэрці Зямлі пакрыты вадою. Але на нашай планеце шмат салёнай вады, а прэснай – недастаткова. Пры такой колькасці рэк і азёраў беларуская зямля вельмі багатая. Адказнасць за гэтае багацце кладзецца на кожнага з нас. Любіце і шануйце вытокі беларускай зямлі – яе рэкі, азёры. Беражыце ваду – адзін з найвялікшых цудаў Беларусі і Зямлі.
Наталля САКАЛЯНСКАЯ