20. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
20. Юні-Юні засылае Мішку ў космас
Жыло-было ў дзеда крэсла. Шэрае. З чорнымі падлакотнікамі. З высокай спінкай. На пяці колцах.
Аднойчы прыйшоў і сеў у яго Мішка. Крутнуўся ўлева, крутнуўся ўправа і, о цуд, нечакана для самога сябе закрычаў:
– Бывай, дзед!.. Лячу, падымаюся ў неба!..
Дзед толькі паспеў перадаць унуку тэлефонную трубку, папрасіў:
– Звані!.. Расказвай, што ўбачыш…
– Чакай, дзед!.. Я вярнуся!..
Раптам крэсла з Мішкам паднялося ўверх. Акно перад ім адчынілася. Чароўны паветраны карабель павольна паплыў над горадам.
Дзед занепакоіўся. Схапіў запасную тэлефонную трубку, спытаў:
– Ало!.. Мішка, як адчуваеш сябе? Што наўкол бачыш?..
Трубка маўчала. А наплыўшая хмарка закрыла лятаючае крэсла з Мішкам. Дзед не на жарт напалохаўся. Ды раптам чуе:
– Ало, ало!.. На сувязі крэслалётчык Міхаіл. Пада мною – вялізны горад, у якім мы жывём…
– Які ён?! – ускрыкнуў дзед. – Я ніколі не бачыў свой горад з вышыні.
– Дык ведай, дзед, у нашым горадзе вуліцы – што стужкі. Па іх поўзаюць мурашы…
Дзед зірнуў у акно. Па вуліцы якраз рухаліся легкавушкі, аўтобус, тралейбус. Дзед падумаў: “Калі гэтыя машыны падаліся Мішку мурашамі, то ён вельмі высока падняўся”.
– Мішка, ало!.. Як табе там? – спытаў дзед.
– Мне вельмі цікава!
– Ляці дамоў, – папрасіў дзед. – Твае мама і тата хутка вернуцца з тэатра. Што ім скажу?
– Я паспею, дзед… Вось толькі злятаю на Венеру…
– Куды, куды? – напалохаўся дзед.
– На планету Венера!
– Туды яшчэ ніхто не лятаў.
– Я буду першым венерцам! – зарагатаў Мішка.
Дзед бачыў, як унук нядаўна гартаў кнігу па астраноміі. З яе, відаць, і даведаўся пра ўсе планеты, якія круцяцца вакол Сонца. Вельмі ж ён дзівіўся, што людзі ніколі там не бывалі. Вось і надумаў паляцець на Венеру.
– Ало, Мішка! – выходзіў дзед на новую сувязь з крэслалётчыкам. – Дзе ты цяпер?..
– Я ўжо на Венеры, дзед!.. Тут вельмі прыгожа!..
– Хутчэй расказвай!
– Планета ўся блакітная… Пачынаю маляваць яе карту…
– Малюй і расказвай!
– Тут, дзед, гарады, як у нас, але ўсе назвы пачынаюцца на літару “В”. Адгадай, якія гэта гарады: Вінск, Васква, Віеў, Втакгольм, Врэст?..
– Врэст?..
Дзед задумаўся, а ўнук даваў новыя задачы:
– Адкажы, што гэта па-венернаму азначае: васейн, варога, вэлевізар, вашына?..
Дзед запісаў заданні, папрасіў:
– Ляці ўжо, унучак, дамоў.
– Тут вельмі цёпла, дзед!.. Венера бліжэй да Сонца, чым наша Зямля.
– У нас таксама батарэі грэюць, – адказаў занепакоены дзед, бо падумаў, што Мішка не захоча вяртацца ў халодную кватэру, і паўтарыў загад: – Ляці дамоў!
– Слухаюся!.. – адказаў унук. – Уключаю спускны матор.
Праз некалькі хвілін шчаслівы Мішка злез з крэсла-круцёлкі, прыцмокнуў языком:
– Ну, дзед, чароўны ў цябе лятаючы карабель!
А калі дамоў вярнуліся тата і мама, Мішка ўвесь вечар расказваў ім, як лятаў на Венеру, якія дзівосы бачыў там. Прыдумляў цяжкія заданні для дарослых:
– Скажыце, як будуць па-нашаму іх словы: варожанае, вырк, вукерка?..
А вы, сябры, здагадаліся, што гэта?
Ад Юні-Юні заданні:
- Што значыць: кожнае дзіця мае права на самавыяўленне?
- Чаму дзед хваляваўся за ўнука-касманаўта?