Серафіма Бестава. Вершы
Вожык
У лясочку, гляньце толькі,
Шапаціць клубочак колкі.
Ціха кажа маме Ната:
– Возьмем Вожыка мы ў хату.
– Не, – сказала мама Наце, –
Засумуе ён у хаце.
Тут, дачушка, яго дом.
Тут сябры ў яго кругом.
Кураняткі
Яны ўсе нібыта з пуху,
Ды не слухаюць квахтуху!
Куд-куды, мае дзіцяткі,
Усе збірайцеся за хаткай,
Дзесьці там чакае татка,
Можа, ён знайшоў зярнятка.
Ён падзеліцца апошнім,
Бо, канечне ж, ён харошы.
Коцік
Коцік мой такі пацешны.
Зранку чысценька памыты.
Да патэльні, дзе яечня,
Падыходзіць з апетытам.
Не лічы мяне суровай.
Любіш ты яечню, мусіць.
Коця, я абавязкова
Смакатою падзялюся.
Воўк
А Ваўку пашанцавала,
Ён сваёй удачы рад.
Сёння рыбка так клявала,
Налавіў ён рыбы шмат.
Дзень шчаслівы, нібы казка.
Гэткіх дзён ён мала знаў.
Сам наеўся пад завязку
І Лісу пачаставаў.