Дабрадзей для ўсіх дзяцей 19
Аповесць-казка
19. Юні-Юні ўключае машыну часу
Антонік кліча дзеда на кухню. Прыходзіць дзед, а там – трам-тарарам.
– Што ты зрабіў? – цікавіцца дзед.
– Машыну часу! – ганарліва адказвае ўнук.
Дзед жыццё пражыў, а не ведаў, што з табурэтак, каструль, чайніка, слоікаў, кансервавых бляшанак ды лыжак можна змайстраваць машыну часу.
– А што твая машына можа рабіць?
– Зараз, дзядуля, убачыш.
Антонік націснуў на чорную кнопку пыласоса, які стаяў каля табурэткі. Кухня напоўнілася гудзеннем.
– Надзявай шлем! – загадаў унук і падаў дзеду чырвоную, у белыя яблычкі, гумавую шапачку.
Сабе на галаву надзеў шлем такога ж колеру, але меншы, накрыўся коўдрай.
– Трымайся, дзядуля!.. Націскаю на рычагі!..
Раптам усё затарахцела, загрымела, зашумела, зарыпела, забрынчэла.
– Увага!.. Мы пераносімся ў час дыназаўраў! – аб’явіў Антонік.
– Дзе яны?
– Глядзі на сцяну, дзядуля.
Белая сцяна раптам ажыла, і на ёй паказалася страшыдла. Яно стаяла на дзвюх тоўстых нагах. Яшчэ дзве маленькія, як у ліліпута, віселі ўверсе, над тоўстым жыватом. Звер, падобны да вялізнай яшчаркі, абапіраўся на шырокі і доўгі хвост. Высокая шыя заканчвалася прадаўгаватаю галавой.
– Вой, глядзі, Антонік! Дыназаўр лыпае вачыма, пазірае на нас.
– Ага, і клыкамі шчоўкае, – азваўся ўнук.
З-пад коўдры, якой быў накрыты Антонік, прабіваўся на сцяну нейкі таямнічы праменьчык.
Дыназаўр спакойна, як па сваіх уладаннях, прайшоўся па сцяне. Прыпыніўся. Да яго падбегла, валюхаючыся злева направа, дзіцянятка. І яны пачалі смешна лізацца, кусацца і моцна рыкаць.
– Табе не страшна, Антонік? – спытаў дзед.
– Мне цікава!
– І мне таксама, – прызнаўся дзед ды прыгадаў: – Яны жылі ў мезазойскую эру…
– Якую? – перапытаў Антонік.
– Мезазойскую!.. Гэта – сто пяцьдзясят мільёнаў гадоў назад.
– Ого, куды мы заляцелі! – усклікнуў Антонік.
Ён выключыў машыну часу, выцер узмакрэлы лоб. Вочы свяціліся радасцю. Унук прапанаваў:
– Дзядуля, а цяпер ты націсні на рычаг маёй машыны. Пабачым, куды на гэты раз занясёмся.
– Толькі не ўключай матор, – папрасіў дзед.
Яны знялі шлемы. Адну руку дзед паклаў на рычаг. Гэта быў драўляны чарпак, які тырчаў з каструлі. Другой рукой накрыў цёплую далоньку ўнука.
– Зараз націсну на рычаг. Слухай, што бачыцца мне.
На кухні стала ціха-ціха. Раптам дзедаў голас абудзіў цішыню:
– Бачу, Антонік, гарыць хата, дзе я нарадзіўся. Во, пыхнула полымем суседава хата. Ужо гараць, бы свечкі, усе хаты вёскі… Людзі ўцякаюць у лес. Па іх страляюць ворагі ў чорным… Упаў дзед Сяргей… Забілі бабу Ганну… Расстралялі дзядзьку Аляксея…
Унук не вытрымаў, закрычаў:
– Дзядуля, хіба такое можа быць?! У які час мы ўляцелі?..
– Мы вярнуліся, Антонік, у страшную вайну.
– Калі яна была?
– Больш за шэсцьдзесят гадоў таму. Нашу Беларусь тады хацелі заваяваць гітлераўцы…
– Чаму ты плачаш, дзядуля?
– На той вайне загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі… Гінулі дзеці… Спалілі маю вёску… Разбурылі Мінск, у якім мы цяпер жывём.
– Я адключыў машыну часу, – супакоіў Антонік дзеда. – Больш не паляцім у вайну.
– От і добра, унучак. Давай лепей сходзім у парк.
Яны ўзялі хлеба для качак, якія жывуць на Свіслачы. А для ручных вавёрак – арэхаў і цукерак.
Ад Юні-Юні заданні:
1. Як патлумачыце права кожнага дзіцяці на зразумелую і адпаведную ўзросту інфармацыю?
2. Чаму ўнуку расхацелася гуляць у машыну часу?
Дасылайце свае адказы ў рэдакцыю. Аўтары самых арыгінальных лістоў атрымаюць падарункі ад Юні-Юні.