Пчолка
Понедельник, 19.08.2013 13:13. Рубрика: Вершы
У вуллі начуе пчолка –
Гэта ведаюць усе.
Ды бывае, што на золку
Вецер пчолку занясе
На іржэўнік жытні, колкі
Ці заблытае ў аўсе.
I тады начуе пчолка
Так, як у дарозе ўсе:
Пад лісточкам, пад кустом,
Дзе прыстане, там і дом!..
Дожджык па лістку бубніць,
Пчолка спіць і вулей сніць.
Як ляціць у вулей пчолка,
Зіхаціць над ей вясёлка.
Алег ЛОЙКА
Алег ЛОЙКА (1.05.1931 – 19.11.2008) – беларускі пісьменнік. Для дзяцей напісаў кнігі “Як Тоня рэха шукала”, “Карагод дзівосных прыгод”, “Каля млына” і іншыя.