«Захавальнікі гісторыі» Анастасія РАДЗІКЕВІЧ
З папярэдніх нумароў вы даведаліся, што ў Беларускім дзяржаўным цырку працуе выставачная зала гісторыі цыркавога мастацтва Беларусі. Яе галоўная задача – захаваць казачны, непаўторны цыркавы свет, перадаць традыцыі новым пакаленням артыстаў і гледачоў, прыцягнуць увагу да старажытнага і заўжды юнага, захапляльнага цыркавога мастацтва ўсіх, хто яшчэ не знаёмы з яго цудамі. Зазірнем і мы ў залу гісторыі цырка.
У ёй захоўваюцца гістарычныя дакументы, дарэвалюцыйныя афішы, фотаздымкі, сувеніры, якія падарылі Мінскаму цырку госці з розных краін. Шматлікія ўзнагароды, заваяваныя нашымі артыстамі, таксама экспануюцца ў выставачнай зале. Тут знаходзіцца адразу тры калекцыі: 19-га, 20-га і 21-га стагоддзяў – велізарная колькасць старадаўніх і сучасных экспанатаў. Экскурсаводамі працуюць акрабаты, жанглёры, дрэсіроўшчыкі – сапраўдныя артысты арэны. Мультымедыйная анлайн-трансляцыя дазваляе наведвальнікам глядзець рэпетыцыі, імпрэзы, архіўныя запісы з жыцця цырка.
Самы першы музей цыркавога мастацтва быў створаны ў Расіі. Дзявятага жніўня 1928 года ў будынку Ленінградскага цырка з ініцыятывы выкладчыка Тэатральнай школы Уладзіміра Андрэева быў адкрыты Музей цырка і эстрады (сёння – Музей цыркавога мастацтва). Цяпер у ім 80 тысяч экспанатаў. Аказваецца, сярод цыркавых артыстаў прынята дарыць фігуркі клоўнаў, калі прыязджаеш на гастролі. І зараз найбольш папулярны экспанат мінскай выставачнай залы гісторыі цыркавога мастацтва – фарфоравы клоўн паўтара метра вышынёй.
Дырэктар Белдзяржцырка Таццяна Бандарчук паведаміла, што яны сабралі ўнікальную калекцыю экспанатаў з усёй Еўропы. Дарэчы, найстарэйшыя экспанаты – афішы 19 стагоддзя, а таксама фотаздымкі цырка з 1894 года. Наведаць экспазіцыю могуць усе ахвотныя падчас прадстаўленняў (да іх пачатку або ў перапынках), заказаўшы экскурсію.
Іван Сянькевіч, вучань 3 класа гімназіі № 74, правільна адказаў на пытанне, надрукаванае ў чацвёртым нумары часопіса за гэты год. Іван і атрымлівае білеты ў цырк! Таксама падарункі ад рэдакцыі дасылаюцца Кацярыне Сявашка і Ангеліне Скварчэўскай.
Мінская выставачная зала гісторыі цыркавога мастацтва аказвае практычную дапамогу артыстам, рэжысёрам, цырказнаўцам, абменьваецца інфармацыяй і матэрыяламі з замежнымі цыркамі. Частка экспанатаў – з асабістай калекцыі дырэктара Белдзяржцырка Таццяны Бандарчук. Але сярод усіх вылучаецца самая старая цыркавая афіша. Як вы мяркуеце, якога яна года? Свае адказы дасылайце ў рэдакцыю або на электронную пошту vyaselka2011@yandex.ru, магчыма, менавіта вам пашанцуе пачуць правільны адказ на пытанне ў мінскай выставачнай зале гісторыі цыркавога мастацтва.
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ