Людка СІЛЬНОВА. Вершы
Понедельник, 15.07.2013 08:44. Рубрика: Вершы
Матылёк
Крылцы
Склаў матылёк.
Быццам
Кветачка здалёк!
Бася падышла, прысела:
Кветка – пырх! – і паляцела.
Божая кароўка
Божая кароўка,
Паляці на небка!
Там жукоў чародку
Пасвіць каралеўка.
З воблачка сукенка
І з маланкі пуга.
Дожджык, дожджык!
Сцежкай
Уцякаем з лугу!
Белыя вусені
Ад смятанкі
Ў Басі з Ганкай
Засталіся вусені
Белыя, над вуснамі…
Вой! Хутчэй злізаць іх трэба,
Каб каршун не дзюбнуў з неба.
Коцік песеньку мурлыча
Паглядзі, у коціка
Кіпцюры.
Яго спінка чорная.
Раз, два, тры!
На ім гальштук беленькі:
Ён спявак.
Языком ружовенькім
Чысціць фрак.
Правілы прыстойныя –
Каб ты знаў…
Ён мурлыча песеньку,
Каб ты спаў.