Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
18. Юні-Юні ператварае звычайны кекс у чароўны
Сцёпкаў тата ездзіў за мяжу. Цяпер сын штодня просіць:
– Раскажы, татка, дзе ты быў, якія там дзеці?
Тата ахвотна расказвае:
– Не ў казачным свеце, не за сінім морам, не на краі зямлі, а непадалёку ад нашай краіны знаходзіцца дзяржава, у якой жывуць нямецкія дзеці. Яны, як і нашы, ходзяць у дзіцячыя сады і школы. Любяць чытаць казкі, а то і самі прыдумваюць іх…
– А як яны гэта робяць?
– Аднойчы ў школе горада Людвігсфельдэ першакласнікі чакалі гасцей з Беларусі. Разам з настаўнікамі паклалі на сталы пачастункі: пячэнне, кексы, цукеркі, – пачаў расказваць тата, а Сцёпка так слухаў, быдта перастаў дыхаць. – І вось калі госці зайшлі ў клас, то ўсе былі так усхваляваны, што спачатку нават не атрымлівалася размова. Раптам хлопчык Енс сказаў гасцям:
“Давайце есці кексы, цукеркі. Частуйцеся”.
Дзеці кінуліся да прысмакаў. Узяў кекс і Енс. Ён адкусіў кавалачак, пажаваў, загадкава аб’явіў:
“А ў мяне кекс чароўны. Хочаце паспытаць?” – і ён дазволіў адкусіць свайго кекса Копі.
“Ну што?” – пацікавіліся дзеці.
“Праўда, не такі, як мой. Незвычайны нейкі…” – адказаў Копі.
Усе пачалі прасіць Енса, каб даў паспытаць кекса, а ён сказаў:
“Мне не шкада. Толькі давайце дамовімся: кожны з вас адкусіць кавалачак гэтага кекса і назаве самае запаветнае жаданне. Згодны?”
Першая падышла да Енса Зузі. Яна асцярожна адкусіла маленькі кавалачак і сказала:
“Жадаю паехаць у Беларусь. Сустрэць там вернага сябра і штогод у час канікулаў ездзіць да яго ў госці”.
“Мяне завуць Хорст. Я зрабіў бы так, каб усе добрыя людзі заставаліся маладымі”.
Сюзанна пажадала, каб дзеці заўсёды былі здаровыя. Катрын захацела, каб у дзённіку былі толькі выдатныя адзнакі. Ніколь зрабіў бы так, каб старыя людзі не падалі, калі на вуліцы слізка.
“А я, – сказаў Рэтар, – калі вырасту, пайду працаваць у выратавальную службу. Буду ратаваць людзей ад бяды”.
“Хачу стаць пажарнікам. У іх цікавая работа”, – сказаў Копі.
“Мяне завуць Дана. Я хачу, каб птушка, якая жыве ў мяне, не была такой злоснай”.
“А мяне завуць Міхаэль. Я хацеў бы, каб паміж усімі людзьмі заўсёды быў мір і ніхто не ваяваў”.
Енс уважліва слухаў сваіх сяброў. І, калі дайшла чарга да яго, сказаў:
“Жадаю быць чараўніком! Тады я зрабіў бы ўсіх людзей вясёлымі і шчаслівымі…”
Калі тата закончыў успамін, Сцёпка папрасіў:
– Татачка, купі і мне чароўны кекс.
– Чароўныя кексы, сынок, не прадаюцца. Трэба самому быць чараўніком і фантазёрам.
Сцёпка задумаўся.
* *
*
Ад Юні-Юні заданні:
1. Ці абавязкова трэба быць чараўніком, каб абвясціць кожнаму дзіцяці права на імя, нацыянальнасць і індывідуальнасць?
2. Што б вы пажадалі, каб вам трапіўся казачны кекс?
Дасылайце свае адказы ў рэдакцыю. Аўтары самых арыгінальных лістоў атрымаюць падарункі ад Юні-Юні.
Уладзімір ЛІПСКІ