Конкурс «Мы — дружная сям’я!»
Сябрую з “Вясёлкай”
Здаўна мы добрыя сябры
З часопісам “Вясёлка”.
Яго выпісвае заўжды
Ўся Путчынская школка.
Раскажа мне часопіс мой
Пра родную краіну,
На мове любай, дарагой
Пра Беларусь-Радзіму.
“Вясёлка” вучыць нас чытаць
Загадкі, казкі, вершы,
Спяваць, пісаць і маляваць.
“Вясёлка” – сябар першы!
Ірына АДУЦКЕВІЧ.
Дзяржынскі раён,
в. Путчына.
Мядзведзь і Баран
Жыў у лесе Мядзведзь. Мажны, любое моцнае дрэва мог паваліць, калі нешта не па ім было. Апынуўся аднойчы ў тым лесе Баран: ад статку адбіўся, з дарогі збіўся. Пабачыў, які Мядзведзь дужы, пазайздросціў яму і кажа: “Давай сілаю мерацца!” Ганарысты быў Баран, хацеў Мядзведзя адолець. “Ну што ж, давай,” – пагадзіўся Мядзведзь.
Выбралі яны два роўныя дрэвы. Мядзведзь штурхнуў сваё, яно і павалілася. “Твая чарга,” – сказаў ён Барану. Той разагнаўся ды штосілы як стукнецца галавой у дрэва! Рогі паламаў, сам упаў, а дрэва стаіць як стаяла. Давялося Мядзведзю на сабе Барана ў вёску цягнуць, дзе яго ледзь выхадзілі.
Вось да чаго зайздрасць даводзіць.
Даша РАМАНЧУК.
Жабінкаўскі раён,
вёска Азяжы.
Бабуля
Сваю бабулю я люблю,
Мілейшую за ўсіх на свеце.
Яе заўсёды пазнаю
Па ласцы, што дае нам, дзецям.
Люблю за цеплыню вачэй,
За рукі, што пяшчотна туляць,
За што яе люблю яшчэ?
За тое, што заву бабуляй!
Дзіма ЛЕЎЧАНКА.
Мінскі раён,
Пятрышкаўская СШ.
Хітры месяц
Зоркі расплюшчылі вочкі –
Цемра над светам плыве.
Месяц вітаецца з ночкай,
Хітра падміргвае мне.
Даша САЛАНІНКА.
Мінскі раён,
Ждановіцкая СШ.
Прыйшла вясна
Шыр без канца і без краю,
Як толькі наўкола зірнуць.
Сонейка свеціць ласкава,
Воблакі ўдалеч бягуць.
У небе блакітным, высокім
Жаўранка песня звініць,
Ветрык казыча мне шчокі,
Першай лістотай шуміць.
Аляксандра ПАНФІЛАВА.
Мінскі раён,
Чурылавіцкая АСШ.
Дзякуй, Дзiмачка Леучанка, за вершык пра бабулю. Несумненна ты яе вельмi любiш.