Кветачка
Жыла-была на свеце маленькая Кветачка. Стаяла яна ў лесе ў высокай траве на танюсенькай ножцы і час ад часу хіліла ад ветру сваю прыгожую галоўку.
Яшчэ зімой, калі яна адпачывала пад снегам і чакала надыходу вясны, Кветачка марыла пра тое, каб хутчэй пабачыць свет. Больш за ўсё яна баялася быць нікому не патрэбнай. Кветачка ўяўляла сябе то прыгажуняй-прынцэсай сярод усіх кветак лесу, то самай прывабнай раслінай для пчол і розных матылёў, то марыла стаць адной з тых, каму пашчасціць апынуцца ў дарагой вазе.
І вось нарэшце прыйшла вясна. Сонца прыгравала ўсё мацней, і зіма ўцякала празрыстымі ручайкамі. Кветачка вызвалілася з-пад снегу і пацягнулася да сонейка. Як жа ўзрадавалася яна гэтай сустрэчы!
Усё жывое абуджалася ад зімовага сну. Кветачка пазнаёмілася з іншымі кветкамі і кожны дзень толькі і рабіла, што размаўляла са сваімі сяброўкамі. Ім яна і расказала пра свае мары. Адна кветка, якая ўжо не першы год сустракала вясну, пачала смяяцца:
“Дурненькая, як толькі сарве цябе рука чалавека, жыццё тваё скончыцца. Няма нічога лепшага на свеце, чым гэтая палянка!”
Але Кветачка не слухала яе. Ёй здавалася, што сяброўка нічога не разумее, а можа, і зайздросціць.
І вось аднойчы нейкая маленькая дзяўчынка апынулася ў лесе. Яна спявала вясёлую песеньку і рвала кветкі. Наша знаёмая Кветачка вырашыла, што прыйшоў яе час і ўзняла ўгору сваю галоўку, каб дзяўчынка заўважыла яе. І адбылося дзіва…
Кветачка трапіла ў вялікі светлы пакой. Дзяўчынка паставіла яе ў прыгожую вазу. Увесь дзень у пакой заходзілі людзі. Кожны, хто бачыў вазу з кветкамі, казаў: “Як прыгожа! Вясна!” І Кветачка была самай шчаслівай на свеце.
Але на наступны дзень ніхто ўжо не заўважаў кветак, якія за ноч схілілі свае рознакаляровыя галоўкі. І наша Кветачка засумавала. Яна згадала свой лес, сваю родную палянку, сябровак і сонейка, і так цяжка ёй стала на душы, што яна, пэўна, заплакала б, каб кветкі ўмелі плакаць. Вельмі захацелася назад, у высокую траву, да сваіх сябровак, ды нічога ўжо не вернеш. І Кветачка яшчэ ніжэй схіліла сваю прыгожую галоўку.
Ірына ШЫЛА