Космас
Адкрыцці стагоддзяў
У кожнай старажытнай культуры астраномія займала пачэснае месца. Даўным-даўно егіпцяне заўважылі сувязь паміж размяшчэннем нябесных свяцілаў і прылівамі ды адлівамі. А кітайскія астраномы ўмелі прадказваць зацьменні ды іншыя нябесныя з’явы. Плямёны майя і ацтэкаў будавалі вялізныя храмы, планіроўка якіх вызначалася траекторыямі руху Сонца і Венеры. А вось астраномы Месапатаміі (тэрыторыя сучаснага Ірана) каля 1800 гадоў да нашай эры для астранамічных даследаванняў пачалі выкарыстоўваць складаныя матэматычныя разлікі… Звесткі пра нябесныя з’явы можна знайсці ў Ведах – старажытных індыйскіх свяшчэнных тэкстах. Словам, усюды, дзе жылі людзі, з’яўлялася і цікавасць да зорнага неба.
Беларуская народная астраномія таксама захоўвае шмат назіранняў, прыкмет і вераванняў, звязаных з нябеснымі свяціламі. Да прыкладу, беларусы лічылі, што на Месяцы жывуць людзі. А калі Месяц чырванее, значыць, недзе ідзе вайна, і ён становіцца крывавым. Па зорках арыентаваліся падчас вандровак, у залежнасці ад фазы Месяца планавалі гаспадарчыя справы…
У 1522 годзе ў першым вiленскім выданні Францішка Скарыны – «Малая падарожная кнiжка» – на старабеларускай, зразумелай тагачаснаму люду, мове, Скарына змясцiў розныя каляндарныя i астранамiчныя звесткi (беларускiя назвы месяцаў, знакаў задыяка). І гэта не дзіўна. Францыск Скарына – гуманiст, паэт, медык, батанiк, астраном – закончыў Кракаўскi ўнiверсiтэт у 1506 годзе, а праз некалькі гадоў здаў іспыт на годнасць доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце. Яго светапогляд складаўся пад уплывам выдатных сучаснікаў – Мікалая Каперніка, Джардана Бруна, Галілеа Галілея. Яны прытрымліваліся думкі, што не Сонца круціцца вакол Зямлі, а Зямля – вакол Сонца. За гэтыя перадавыя погляды, такія нязвыклыя ў той час, а таксама за сцвярджэнне, што апроч Зямлі існуюць іншыя планеты і што Сусвет бясконцы, улады спалілі на вогнішчы Джардана Бруна, італьянскага філосафа і паэта.
Але часы і светапогляды змяняюцца. У 1957 годзе запусцілі ў космас першы савецкі штучны спадарожнік Зямлі. Першымі зямлянамі, якія апынуліся ў космасе і вярнуліся жывымі і здаровымі, былі сабакі Белка і Стрэлка. А вось 12 красавіка 1961 года на караблі “Усход” у космас стартаваў першы чалавек – касманаўт Юрый Гагарын. Гэты палёт працягваўся 1 гадзіну 48 хвілін. З 1962 года 12 красавіка пачалі адзначаць як Дзень касманаўтыкі.
Да першапраходцаў касмічнай прасторы належаць і нашы землякі, беларусы Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук. А ў кастрычніку 2012 года яшчэ адзін беларус, Алег Навіцкі, адправіўся ў космас, у якасці камандзіра экіпажа карабля.
2012 год адметны для нас і тым, што Беларусь запусціла на арбіту ўласны штучны спадарожнік “Белка”. З яго дапамогай спецыялісты аднаўляюць тапаграфічныя карты, кантралююць надзвычайныя сітуацыі, вызначаюць надвор’е…
Адным словам, беларусы ўпэўнена абжываюцца ў касмічнай прасторы. І як тут не згадаць пра самабытнага беларускага мастака Язэпа Драздовіча – пачынальніка касмічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве.
Язэпа Драздовіча заўсёды вабілі таямніцы Сусвету. Праз тэлескоп ён назіраў за рухам нябесных свяцілаў, вывучыў усе вядомыя на той час працы па астраноміі. У 1931 годзе на ўласныя сродкі выдаў навукова-папулярную брашуру “Нябесныя бегі”, якую сам жа і праілюстраваў. У 1930-я гады ён рабіў чарцяжы руху нябесных целаў, пісаў працы па астраноміі, артыкулы пра існаванне жыцця на іншых планетах сонечнай сістэмы. Захаваўся запіс Язэпа Драздовіча: “А сваё цвярджу і прадаўжаю. Прыйдуць часы, і знойдуцца людзі, якія змогуць усё гэта напісанае мною спраўдзіць, праверыць”.
Усё новыя і новыя касмічныя экспедыцыі пацвярджаюць здагадкі даследчыкаў і летуценнікаў, сярод якіх і наш Язэп Драздовіч! А навукоўцы сур’ёзна разважаюць пра магчымасць перасялення людзей з нашай планеты на іншыя, калі рэсурсы Зямлі вычарпаюць сябе.
Хочацца згадаць і наказ першага касманаўта Юрыя Гагарына: “Абляцеўшы Зямлю ў караблі-спадарожніку, я ўбачыў, якая чароўная наша планета. Людзі, будзем шанаваць і памнажаць гэта хараство, а не знішчаць яго!”