Ракавінкі
У маёй дачкі стаіць на палічцы вазачка, зробленая з марскіх ракавінак. Адкуль яны, гэтыя ракавінкі?
Я згадваю сваю даўнюю паездку на Слонімшчыну. У сонечны дзень пайшоў купацца на Шчару. Падняўся на высокі ўзгорак. У густой траве пад нагамі заўважыў: нешта бліснула. Я нахіліўся – і вачам сваім не паверыў: на зямлі ляжалі… марскія ракавінкі. Усё адно як з чароўнай казкі.
Узрушаны, я трымаў у руках ракавінкі і ўяўляў сябе на адзінокім астраўку, згубленым у моры. Уся прастора навокал, аж да гарызонта, была заліта салёнай вадой, у якой плавала рыба, калыхаліся празрыстыя мядузы. Прыгадаў сцверджанні вучоных, што даўным-даўно наша беларуская зямля была марскім дном. Вось адкуль, аказваецца, у нас багатыя залежы солі. А цяпер пра мора нагадалі і ракавінкі ў маіх руках.
З той паездкі на Слонімшчыну я прывёз дадому некалькі жменяў рэліктавых ракавінак. З іх мая дачка і зрабіла прыгожую вазачку. Я гляджу на яе і расказваю сваім унукам казку пра мора, якое некалі было явай.
Досыць цікавы факт. Але ў матэрыяле нама каментарыя вучонага, які б мог растумачыць, чаму Слонімшчыне з`явіліся ракавінкі.