Навум Гальпяровіч. Вершы
Усяслаў Чарадзей
Мне тата кніжку прачытаў
Пра князя з імем Усяслаў.
Зямлю ён полацкую славіў,
Сабор у горадзе паставіў
І з Кіева за ноч ваўком
Прымчаўся ў Полацк – родны дом.
Таму здабыў сярод людзей
Назоў вось гэты – Чарадзей.
Еўфрасіння Полацкая
Храм стаіць пад небам сінім,
Званы ў гонар Еўфрасінні.
Тая цэркаўка, бы свечка,
Свеціцца і ўдзень, і ўвечар.
І над рэчкай Палатой
Ззяе памяць аб святой.
І шануе кожны год
Еўфрасінні дзень народ.
“Мы з братам”
пра кнігу Алеся Пісьмянкова
Я прызнаюся вам шчыра,
Што не ведаў слова “вырай”,
Што не ведаў слова “грай”…
Тата кажа: “Пачытай!”.
І такую кніжку даў,
Што ўвесь вечар я чытаў.
Бо ў ёй шмат цудоўных слоў
Беларускіх я знайшоў.
І такі цяпер заўзятар
Гэтай кніжачкі “Мы з братам”.
Мышка
Брат мне кажа: “Клікні мышкай,
Тут камп’ютар, а не кніжка.
Мышка тут галоўная,
Мышка тут чароўная”.
А пасля падумаў трошкі
І сказаў: “На зайздрасць кошкі”.
Заўзятары
За БАТЭ хварэю я,
Брат мой – за Дынама.
– Што ж вы, хлопцы, за сям’я? –
Дакарае мама.
А ў адказ кажу ёй я:
– Мы спартыўная сям’я.
Проста любім мы футбол,
Словы “матч”, “вароты”, “гол”.
Ад Вясёлкіна заданне – адкажыце на пытанні:
Чаму полацкага князя Усяслава называюць Чарадзеем?
Калі адзначаюць дзень Еўфрасінні Полацкай?
Дасылайце свае адказы на адрас 220073, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 25 або на электронную пошту vyaselka2011@yandex.ru. Першы з вас, хто правільна адкажа на пытанні, атрымае кнігу Навума Гальпяровіча з аўтографам, а наступныя 10 удзельнікаў – мае сувеніры.