16. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
16. Дзеці падтрымліваюць Юні-Юні
На ўсім зямным шары прыжыліся адуванчыкі. Іх яшчэ называюць дзьмухаўцамі. Вядома больш за тысячу іх відаў. Яны растуць на лугах, палях, газонах, уздоўж дарог і ў агародах.
Не ведаю, як у Швецыі, а ў Беларусі дзеці гуляюць з адуванчыкамі ў “дзеда” і “бабу”. А пачынаюцца гэтыя гулі тады, калі залаціста-жоўтыя, рамонкавыя кветкі пераўтвараюцца ў белыя калматыя шарыкі. Дзеці зрываюць спелыя галоўкі і загадваюць:
– Дзед ці баба?
Нехта выкрыквае:
– Дзед!
Пасля гэтага трэба моцна дзьмухнуць на белы шарык.
Калі на ім застанецца “барада” сямянак з носікамі і чубкамі, дык гэта напраўду – дзед з барадой. І той, хто загадваў “дзеда”, – выйграў.
Пасля інтэрнэтаўскіх зваротаў Юні-Юні і Казюры да дзяцей пачалася як бы гульня ў дзьмухаўца. Дзеці хацелі высветліць, хто праўдзіва гаварыў з імі: Юні-Юні ці той “дабрадзей”, які схаваўся пад чужым імем?
Інтэрнэт, увесь космас, здаецца, узарваліся ад дзіцячых галасоў. Пісалі з усіх гарадоў і вёсак Беларусі. Прыходзілі нераўнадушныя пасланні і з іншых краін свету.
“Юні-Юні, я разгадаў тваю прымаўку: “Сам добры – людзі добрыя”, – напісаў з Брэста Віця Швед. – Дык вось жа ў чым сакрэт. Калі ты маеш дабрыню, то ёй і дзелішся. І ўсе наўкол людзі бачацца толькі добрымі. Дабрыня, напэўна, змацавала ўсіх абаронцаў Брэсцкай крэпасці ў адзін непераможны атрад. І яны пакінулі на параненых сценах крэпасці сваё апошняе прызнанне: “Паміраем, але не здаемся”. І мы, Юні-Юні, будзем з табой заўсёды. Ніякія казюры не завабяць нас у чортава балота”.
Юні-Юні чытаў падобныя лісты і радаваўся. Недарэмна ж ён столькі гадоў турбуецца пра дзяцей. А Канвенцыя аб правах дзіцяці стала для малых грамадзян і горнам, і сцягам, і той прыроднай вясёлкай, якая вясёлымі фарбамі расквечвае неба над зямлёй.
Па ўсіх сродках сувязі гучала вядомая выклічка-заманка:
Юні-Юні – дабрадзей,
Завітай да нас хутчэй!..
Пісалі Янкі, Зосі, Пеці – kinder, children, дзеці.
З чарнобыльскай вёскі Цішкаў адгукнулася Юля Кірылюк. З трывогай пісала:
“Юні-Юні, мы не верым ніводнаму слову Казюры. Ён вельмі страшыў нас, калі здарылася аварыя на атамнай станцыі ў Чарнобылі. Але ж мы выжылі і жывем, бо ведаем, што наша права жыць абараняецца Канвенцыяй і самім Богам. Калі можна, абвясці, Юні-Юні, на ўвесь свет мой вершык:
Раскідаю васількі
Я па ўсёй планеце,
Каб шчаслівымі жылі
Усе бацькі і деці”.
З Віцебска, дзе штогод праходзіць міжнародны песенны фестываль “Славянскі базар”, Наташа Віцьбіч даслала разгадку казюравай злосці:
“У яго, Юні-Юні, ад злосці баляць косці. Ён толькі прыкідваецца добранькім. Заманьвае да сваіх дружбаноў – Каралевы Ляноты і Змея Хапуна, а напраўду ён хлус, пачвара і нягоднік. Ведай, Юні-Юні, мы яму не верым. Ніводнаму яго слову”.
На інтэрнэт-адрас Юні-Юні (www.unicef.by) паступіла вестка і ад Васі Вясёлкіна:
“Рэдакцыя “Вясёлкі” атрымала шмат водгукаў ад сваіх чытачоў. Ім вельмі падабаецца народная прымаўка: “Не чапай сабаку, ён і гаўкаць не будзе”. Дык давай, дружа Юні-Юні, верыць, што Казюра сам сябе пакусаў. Нашы дзеці ўдзячныя за ўсё, што гарантуе ім Канвенцыя”.
Адгукнуўся і сам Зубр, волат пушчы і павадыр лясных жыхароў. Яго тэлеграма была самай кароткай:
“Юні-Юні, мы аб’явілі вайну ўсім казюрам у нашым гаспадарстве. Дабро пераможа!”
Канечне, знайшліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якія клюнулі на прыманку Казюры. Ім хацелася жыцця лёгкага, бесклапотнага. А такога, аказваецца, няма на ўсім зямным шары. Жыццё – гэта барацьба. Гэтаму вучыць і Канвенцыя аб правах дзіцяці.
Юні-Юні доўга раздумваў, як жа далей гаварыць з дзецьмі пра іх правы, абавязкі. Раіўся з Васем Вясёлкіным, з дзетсадаўцамі і вучнямі, з іх бацькамі і настаўнікамі.
Усе пагадзіліся: трэба скласці такія аповеды і казкі, якія б сталі дзецям добрай падказкай. А пад імі ад Юні-Юні заданні – адказаць на пытанні.
Гатовы да іспытаў?
Тады чытайце і на вус матайце.
Уладзімір ЛІПСКІ