На касмічнай арбіце
Сябры, ці ведаеце вы імёны беларускіх касманаўтаў? Упершыню наш зямляк здзейсніў падарожжа ў космас у 1973 годзе, і гэта быў Пётр Клімук. А праз чатыры гады ў касмічны палёт адправіўся Уладзімір Кавалёнак. І вось зусім нядаўна, 23 кастрычніка 2012 года, да Міжнароднай касмічнай станцыі паляцеў карабель «Саюз ТМА-06 М» пад кіраўніцтвам беларуса Алега Навіцкага. Хто ж ён, наш слаўны сучаснік?
Алег Віктаравіч Навіцкі нарадзіўся ў беларускім горадзе Чэрвені. Там прайшло яго дзяцінства, там ён скончыў школу. Вучыўся Алег толькі на “выдатна” і “добра” і, як і ўсе піянеры, камсамольцы, займаўся зборам мукулатуры ды металалому, удзельнічаў у клубе вясёлых і знаходлівых, перапісваўся з замежнымі школьнікамі. А яшчэ дапамагаў сваім аднакласніцам з матэматыкай і фізікай. Лінейкай вымяраў даўжыню парты, каб падзяліць яе “па справядлівасці” са сваёй суседкай…
У характары Алега Навіцкага з дзяцінства заўважалася нешта адметнае. Колішні класны кіраўнік Ганна Міхайлаўна Насечанка расказала, што з Алегам можна смела ісці ў разведку, бо ён надзейны, сумленны, смелы. Ён змалку хацеў стаць лётчыкам і для дасягнення сваёй мары прайшоў няпросты шлях. Алег Навіцкі скончыў авіяцыйнае вучылішча, а пазней — ваенна-паветраную акадэмію і ўрэшце стаў не толькі лётчыкам, а і касманаўтам!
Палёт Алега Навіцкага ў космас разлічаны амаль на паўгода. У касмічным караблі наш зямляк разам з іншымі касманаўтамі экіпажа сустрэў новы год. Але ў космасе могуць адбывацца сапраўдныя цуды! І для экіпажа касмічнага карабля Новы год надыходзіў ажно 15 разоў! Справа ў тым, што ў розных кутках Зямлі час адрозніваецца, і таму карабель, перасякаючы касмічную прастору, можа пралятаць праз некалькі часавых паясоў.
Алег Навіцкі не забывае пра сваю малую радзіму. У Чэрвені жыве яго маці Валянціна Эдуардаўна. Калі ён прыязджае ў родны горад, то ніколі не сядзіць склаўшы рукі, заўжды знаходзіць сабе занятак: пілуе дровы, абразае яблыні, фарбуе плот…
Алег Віктаравіч у адным з інтэрв’ю сказаў, што вельмі любіць беларускія песні і нярэдка спявае іх са сваімі расійскімі калегамі.
Алег Навіцкі даказаў, што, калі старанна вучыцца і шмат працаваць, любая мара можа здзейсніцца.
Святлана Богуш