Комін і дымок
Аднойчы зімовым адвячоркам, як толькі за вокнамі разгулялася Завіруха, а Мароз пачаў размалёўваць шыбы сваімі дзівоснымі ўзорамі, бабуля Валя вырашыла, што ўжо час распальваць грубку, каб хутчэй пацяплела ў хаце, якая паспела выстудзіцца за дзень.
Зыркія і вясёлыя язычкі полымя хутка заскакалі па паленцах. Вось тут і з’явіўся блакітны Дымок, які адразу спалохана падумаў:
— Якое сквапнае гэтае полымя! Як хутка ахапіла ўсе паленцы! Яно небяспечнае. Мне трэба хутчэй адарвацца ад яго.
У гэты момант бабуля Валя зачыніла дзверцы ў грубцы. А Дымок гэтак і зрабіў, як падумаў. Ён адарваўся ад полымя і паляцеў, паляцеў угару з радасным крыкам:
— Я лячу! Я цяпер вольны! Я адарваўся ад полымя-я-я-я!
І вось тут здарылася непрадбачанае. Яшчэ не паспела аціхнуць рэха, як Дымок закрычаў ізноў. І гэты ягоны крык быў вельмі трывожны:
— Во-ой! А-ай! А-я-яй! Як зрабілася цёмна! Дзе я?! Куды гэта я трапіў?
— Э-хе-хе-е, — тут жа загучаў у адказ глухі, хрыплы голас. – І чаго ж гэта ты так спалохаўся?! Табе нічога не пагражае, Дымок. Ты трапіў у Комін!
Дымок на імгненне задумаўся, агледзеўся і ўжо суцішана запытаўся:
— Дык, значыцца, ты – Комін! І гэта ты зараз звярнуўся да мяне?
— Ну, вядома… Дарэчы, каб ты ведаў, я – самы стары ў наваколлі Комін. Але гэта ніяк не замінае табе. Ляці, падымайся спакойна!
І як жа тут нечакана ўзвіўся Дымок, як абурана закрычаў ён:
— Ты хочаш, каб я спакойна ляцеў, калі ты такі стары і брудны? Хіба не бачыш, што ты ўвесь у сажы?! Во-ой, а-ай! Я магу запэцкацца! Якія страшныя твае цагліны!
— Э-хе-хе, — з сумам уздыхнуў стары Комін. – Ты яшчэ такі маладзенькі, Дымок! Я, канечне ж, не прыгажун, і цэгла мая не блішчыць чысцінёю, але я даю табе шлях… Зірні, бачыш там лапік неба, дзе ўжо загарэліся зоркі! Зараз ты пакінеш мяне, і памкнешся да тых зорак, у сваю вышыню. А я застануся і яшчэ доўга буду думаць, што гэта я даў табе дарогу да той вышыні.
— Сціхні! Замоўкні! Я не хачу чуць цябе! – закрычаў Дымок. – Ад твайго голасу з цэглы асыпаецца сажа, я запэцкаюся!
Якраз у гэты момант Дымок вылецеў з Коміна. І забыўся пра яго, захоплены той вышынёю, што адкрылася перад ім. Ну а Комін… Ён, вядома, пашкадаваў, што, на вялікі жаль, яшчэ жыве ў свеце няўдзячнасць, і неўзабаве таксама забыўся пра Дымка.
Але мая казка на гэтым не заканчваецца. Таму што аднойчы ўсе зімовыя Завірухі сабраліся разам і дружна паляцелі на Поўнач, а ўслед за імі і Мароз на сваіх ледзяных санках. І адразу з выраю вярнулася Вясна, а з ёю прыляцелі птушкі. Неяк чародка птушак пралятала над хатаю, дзе жыла бабуля Валя. І, відаць, ад вялікай радасці ў знак прывітання адна з птушак скінула ўніз сваё Пёрка, якое закруцілася, закружляла над хатай, ды і ўпала ў стары Комін.
— Вой-вой, — спалохана закрычала Пёрка і лёгенька апусцілася на невялічкі цагляны выступ: — Куды гэта я патрапіла?
— Супакойся, — адгукнуўся стары Комін. – Не трэба гэтак хвалявацца.Табе тут няма чаго баяцца.
— А ты хто? – запыталася Пёрка, і ў яго голасе чулася цікавасць.
— Ды Комін я, Комін. Не крычы так гучна. Зараз збяруся з сіламі і дзьмухну. Вось ты і вылеціш туды, адкуль прыляцела.
— Я ўпала сюды выпадкова, — патлумачыла Пёрка. – Мяне скінула птушка. – І тут жа перапытала: — А ты сапраўды Комін? Дык, можа, той самы, пра які апавядаў маёй птушцы адзін вандроўны Дымок?
— Кхе-кхе, — нечакана закашляўся Комін. – Ціка-ава! Вельмі нават цікава, што ж мог расказваць пра мяне тваёй птушцы Дымок?
— Ах, — радасна ўздыхнула Пёрка. – Дык ты і ёсць той Комін? Ах, каб жа ты чуў, як Дымок табой захапляўся. Казаў, што ты — найлепшы ў свеце Комін, бо даў яму шлях у бязмежнае неба. І цяпер ён вандруе ў такіх вышынях, куды рэдка далятаюць нават птушкі.
— Хм! Вось табе і Дымок! – Комін міжволі заўсміхаўся. — Вядома, Дымок пасталеў і многае зразумеў у жыцці.
Пёрка таксама заўсміхалася, хоць і не зразумела, пра што гаворыць Комін. Ды гэта яму было ўжо і нецікава.
— Ах! Ах, дзядзечка Комін, я веру, што ты найлепшы Комін у свеце, — сказала Пёрка і папрасіла цяпер ужо жаласным голасам: — Дзьмухай хутчэй. Я хачу вылецець і апусціцца на галінку маладой вішні, што расце недалёка ад гэтай хаты.
Комін уцягнуў у сябе як мага больш паветра і дзьмухнуў з усяе сілы. У тое ж імгненне Пёрка паднялося, закружляла і так хутка вылецела з Коміна, што нават не паспела сказаць яму: “Дзякуй!” Хоць і падумала пра гэта.
Комін таксама думаў. Усё ўспамінаўся і ўспамінаўся Дымок. А яшчэ хацелася, каб на зямлю апусціўся адвячорак і ў небе высыпалі першыя надзвычай агністыя зоркі.
Раіса БАРАВІКОВА