Без агню, а гарыць, без зубоў, а кусаецца
Адкрыцці стагоддзяў
Сёння мы пагаворым пра адкрыццё, без якога наўрад ці магла б развівацца сучасная цывілізацыя. Гэта электрычнасць. Толькі задумайцеся: што было б з намі, каб надоўга знікла электрычнае святло? Аднак электрычнасць – не толькі асвятленне кожнага дома. З яе дапамогай перадаецца інфармацыя праз тэлеграф, тэлефон, радыё, тэлебачанне; прыводзяцца ў рух механізмы; ходзяць трамваі, тралейбусы, электрычкі, метро; працуюць побытавыя прыборы – пральная машына, кухонныя камбайны, прасы… І нашы ўлюбёныя мабільнікі, без якіх сучасны чалавек – ні кроку. І камп’ютары сілкуюцца электрычнасцю.
Што ж такое электраэнергія? Цікава, што вывучаюць яе цэлыя тысячагоддзі, а дагэтуль не могуць дакладна адказаць на гэтае пытанне. Лічыцца, быццам электрычнасць складаецца з малюпасенькі электронаў ці іншых зараджаных часцінак. Электрычнасць параўноўваюць з плынню ракі, толькі плынь гэтую – не відаць. Яшчэ пра электрычнасць разважаюць як пра рой, кожная зараджаная часцінка – нібы пчолка, якая носіць мёд у соты.
Пакуль электраэнергіяй карыстаюцца асцярожна, яна прыносіць карысць. Ды варта забыцца на асцярогу – электрычнасць, як пчолы ў растрывожаным вуллі, сапраўды “джаліць”. Відаць, вам знаёмы выраз “ударыла токам”? Вельмі непрыемныя адчуванні. Калі ж напружанне ў сетцы высокае, то маленькая неасцярожнасць – і чалавек гіне. Таму з электрычнасцю трэба быць вельмі акуратнымі – не карыстацца сапсаванымі электрапрыборамі, ні ў якім разе не чапаць абарваных правадоў, не лезці ў разеткі, не датыкацца да выключальнікаў і правадоў мокрымі рукамі. Калі да электрычнай сілы ставіцца з павагай, тады яна будзе служыць чалавеку і не ператварацца ў ворага.
Дарэчы, пра моц прыроднай электрычнасці – маланкі – людзі ведалі спрадвеку. У міфалогіі беларусаў быў грымотнік Пярун, які, згодна з паданнямі, ездзіў па небе ў залатой калясніцы, а ад пошчаку капытоў ягоных коней утвараліся маланкі. Імі Пярун імкнуўся забіць падземнага бога Вялеса, з якім варагаваў.
У сучасных беларускіх легендах Святы Ілля таксама імчыць па небе ў калясніцы і кідае маланкі ў нячысцікаў, якія чыняць на зямлі ліха.
Наогул, слова “электрычнасць” паходзіць ад грэцкага “электрон” – бурштын. Рэч у тым, што яшчэ ў 600 годзе да нашай эры грэкі ведалі пра адну цікавую здольнасць бурштыну: калі яго пацерці – ён прыцягвае да сябе кавалачкі паперы, корка, іншую драбязу. Гэта так званая статычная электрычнасць. Калі вы возьмеце аловак і патрыцё яго аб валасы, кожны з вас таксама зможа назіраць з’яву электрызацыі.
Але, не зважаючы на даўнасць адкрыцця электрычнасці, аж да 1672 года, калі Ота фон Герыке атрымаў даволі магутны электрычны зарад, патрымаўшы руку над шарыкам з серы, які круціўся, вялікіх дасягненняў у гэтай галіне не было. У 1729 гадзе Стэфан Грэй вынайшаў, што некаторыя рэчывы, у прыватнасці, метал, могуць праводзіць ток. Іх сталі называць “праваднікамі”. А іншыя рэчывы – напрыклад, шкло, дрэва, воск – не праводзяць току. Іх назвалі “засцерагальнікамі”.
Першым, хто імкнуўся вытлумачыць прыроду электрычнасці, быў Бенджамін Франклін. Ён лічыў, што ўсе рэчывы маюць у сабе “электрычную вадкасць” – успомнім параўнанне электраэнергіі з ракой. Франклін сцвярджаў, маўляў, трэнне аднаго рэчыва аб другое забірае частку вадкасці ад аднаго і дадае іншаму – так утвараецца плынь электрычнасці, або – ток ад слова “тачыцца” – цячы. Сёння мы яшчэ ведаем, што гэтая плынь складаецца з адмоўна зараджаных электронаў. Вось яна і рухаецца па правадах, вымушаючы працаваць электрапрыборы.
Да аднаго з найважнейшых адкрыццяў у гэтай галіне варта аднесці і вынаходніцтва Вольтам батарэі, якая дала людзям першую сталую і надзейную крыніцу электрычнай энергіі і зрабіла магчымымі далейшыя вынаходніцтвы ў электратэхніцы.
Наогул, тэма электрычнасці – вельмі захапляльная і складаная. Гэтую з’яву, сябры, вы будзеце вывучаць на ўроках фізікі ў старэйшых класах.
А цяпер, даведаўшыся пра элементарныя звесткі, адгадайце загадку:
Без ног, а бяжыць, без агню, а гарыць, без зубоў, а кусаецца
Здагадаліся, што гэта такое? Спадзяёмся, вы будзеце ўмелымі карыстальнікамі электраэнергіі, каб з сябра яна не ператваралася ў вашага ворага.
Алена Масла