14. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
14.Юні-Юні — пра дабро і зло
Калі ўсе дзеці былі на канікулах, Юні-Юні дадалося клопатаў. Як “хуткую дапамогу”, выклікалі па самых розных адрасах. Шкоднік Казюра, быццам злосная завея, разносіў па вёсках і гарадах свае “падарункі” — кашаль, прастуду, вірусы, слізготу. Сігналы трывогі паступалі і з ляснога гаспадарства. Зубр занепакоіўся, што нейкі незнаёмы звер ганяе зайцоў-белякоў, будзіць вожыкаў, барсукоў і падбіраецца нават да бярлогі бурага мядзведзя.
На кожны выклік, зразумеў Юні-Юні, яму не хопіць сіл і часу. Да таго ж зімовыя дні вельмі кароткія, хмарныя і шэрыя. Не паспееш разблытаць вузел у адным месцы, як Казюра шкодзіць у іншым.
І задумаў Юні-Юні пагаварыць з усімі дзецьмі праз свой сайт. Вось які зварот атрымаўся:
“Дарагія сябры! Вы ходзіце ў школу. І багата чаго ўжо ведаеце. Вы нават паверылі: каб збыліся мары вашы, трэба есці болей кашы. Правільна, каша і ўсе вітаміны, мінералы, якія вы атрымліваеце з ежай, дапамагаюць вам расці, набірацца сіл і розуму. Але ж і гэтага мала. Таму пра вас клапоцяцца дзяржава, бацькі, настаўнікі. І міжнародная Канвенцыя па правах дзяцей. Але чаму ж усё-такі ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх называюць сіротамі пры жывых бацьках. Ёсць хворыя і інваліды, якім не хапае цяпла і ўвагі. Дзяцей, бывае, крыўдзяць на вуліцы, у школе, дома. А ўсё таму, ведайце, што дарослыя часам не выконваюць свае абавязкі перад вамі. Як бы ім хто шкодзіць гэта рабіць. Як бы нехта паддаецца пад уплыў самога Казюры.
Вось адзін з артыкулаў нашай Канвенцыі і патрабуе, каб дзецям было забяспечана права жыць без дыскрымінацый. Для вас гэта слова, можа, складанае, не вельмі зразумелае. Дык ведайце, дыскрымінацыя – гэта абмежаванне ці пазбаўленне некага ў пэўных правах. Такога не павінна быць у адносінах да дзяцей. Кожны з вас мае права на павагу і захаванне пачуццяў уласнай годнасці. Нават калі нехта з вас аступіцца, парушыць пэўны артыкул Закона, то і ў судзе кожнае дзіця мае права на абарону і павагу.
Бачыце, Канвенцыя — ваш надзейны заступнік і ахоўнік ад усіх негатыўных праяў жыцця.
Але ж, сябры, мушу нагадаць, што вы, як грамадзяне і людзі, таксама павінны помніць пра свае асабістыя абавязкі. У чым яны?
Вы не павінны парушаць законы краіны, у якой жывяце.
Вы абавязаны клапаціцца пра сваіх бацькоў, дапамагаць ім ва ўсім. А калі вы не слухаецеся іх, не выконваеце просьбы, дык азірніцеся наўкол: можа, гэта нейкі Казюра падвучвае вас гультаяваць і быць неслухам?
Вы павінны добра вучыцца, авалодваць ведамі ды тымі традыцыямі і каштоўнасцямі, якія мае ваш народ, якія захоўвае ваша сям’я. Калі вам гэта не ахвота рабіць, дык мо гэта свавольствы новага злосніка?
Нядаўна я прачытаў аповесць-казку пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка. Там апавядаецца, што хлопчык Андрэйка пасябраваў з вірлівым, непаседлівым чорцікам. А калі па шчырасці, то ў кожнага з вас ёсць свой чорцік. Дык вось жа ў чым задача: трэба ўмець кіраваць ім, не даць яму рабіць дрэнных спраў.
Многія з вас, асабліва хлопчыкі, любяць гуляць у вайну. Для гэтага дарослыя робяць шмат цацак: салдацікаў, зброю, ваенную тэхніку. Але ж не паддавайцеся розным казюрам, якія хочуць узбудзіць вашы агрэсіўныя пачуцці. Вы ведаеце, што ў пэўным узросце вам давядзецца выканаць свой грамадзянскі абавязак – служыць у войску. А там патрэбны і розум, і мускулы, і здароўе. Дык набывайце ўсё гэта змалку.
Расціце разумнымі.
Сябруйце са спортам.
Паважайце старэйшых людзей, якія вядуць вас за ручку па жыцці.
Будзьце ўважлівымі і паважлівымі адзін да аднаго, умейце верна сябраваць.
Ідзіце па жыцці так, каб пра вас сказалі: “Добры чалавек!”
Жывіце прыгожа Сёння, тады вы з прыемнасцю ўспомніце дзень Учарашні, тады з радасцю сустрэнеце дзень Заўтрашні.
А цяпер запомніце самы галоўны сакрэт. Усіх гэтых правілаў вельмі палохаецца Казюра. Ён абмінае тых, хто правільна жыве. Ён страшэнна баіцца ўсіх, хто загартаваны дабрынёй.
Падумайце над народнымі прымаўкамі, якія прыйшлі да нас з даўніх часоў. Што яны азначаюць? Як іх прымяніць у жыцці?
• Сам добры — людзі добрыя.
• Шчыраму сэрцу і чужая болька колка.
• Ад злосці баляць косці.
• Не чапай сабаку, ён і гаўкаць не будзе.
• Дзякуй — вялікае слова.
•
Нагадваю мой інтэрнэт-адрас:
Ваш Юні-Юні — Дабрадзей для ўсіх дзяцей.
Уладзімір Ліпскі