Алег МЕЛЬНІКАЎ «Забаўныя задачкі»
Алег МЕЛЬНІКАЎ
Забаўныя задачкі
Дапамажыце Вожыку і Зайцу, рашыце цікавыя задачкі.
1. Заяц і Вожык пілавалі дровы для сваёй сяброўкі Вавёркі. Неўзабаве стукне вялікі мароз, і яна будзе сядзець каля грубкі, падкідваць паленцы ў агонь.
– Слухай, зайчык, – прамовіў Вожык. – Вось пілуем мы бервяно і зробім пяць распілаў. Колькі ж атрымаецца цурак?
– Гэта вельмі проста, – адказаў Заяц. – Вядома, пяць. Пасля кожнага распілу – новая цурка.
–Ды не, – рассмяяўся Вожык. – Пасля апошняга распілу атрымаюцца дзве цуркі. Таму іх будзе шэсць.
–Сапраўды, – згадзіўся Заяц. – А ўчора мы нарыхтоўвалі дровы для мяне, зрабілі дзесяць распілаў і атрымалі пятнаццаць цурак. Колькі бярвенняў мы распілавалі?
2. Вожык і Заяц адвезлі Вавёрачцы вазок з дровамі. Вазок праехаў 40 метраў. Колькі праехала кожнае кола?
3. Заяц схадзіў на зімовую рыбалку. Яго здабыча склала 4 рыбіны і яшчэ палова ўлову. Колькі рыбін злавіў Заяц?