«Загадка-лагарыф» Уладзімір Мацвеенка
Уладзімір Мацвеенка
Загадка-лагарыф
Вася Вясёлкін з Васілінкай
З сябрамі задумалі паехаць
на экскурсію. Паўстала пытанне:
у які дзень? Нехта сказаў:
– Давайце паедзем у …
1.
Калі да пэўнай літары
Дапісаць яшчэ літару, –
Атрымаецца канчатак
Многіх слоў.
Калі да дзвюх літар
Дапісаць трэцюю –
Атрымаецца тэрмін
Гульні ў футбол.
Калі да трох літар
Дапісаць чацвёртую, –
Атрымаецца скарочаная
Назва аўтамабіля.
Калі да чатырох літар
Дапісаць яшчэ тры,
Якія з’яўляюцца назвай
Жывёліны, што жыве ў вадаёмах
З чыстай вадой, –
Атрымаецца дзень тыдня.
Васілінка прапанавала прыйсці ў…
2.
Калі да пэўнай літары
Дапісаць яшчэ адну літару –
Атрымаецца назва
Меры зямлі.
Калі да дзвюх літар
Дапісаць трэцюю, –
Атрымаецца едкі пах
Ад згарання чаго-небудзь.
Калі да трох літар
Дапісаць чацвёртую, –
Атрымаецца
Высокае ўзвышша.
Калі да чатырох літар
Дапісаць пятую, –
Атрымаецца схова,
Дзе стаяць аўтамашыны.
Там іх будзе чакаць …
3.
Калі да пэўнай літары
Дапісаць яшчэ літару, –
Атрымаецца назва
Грэчаскай літары.
Калі да дзвюх літар
Дапісаць трэцюю, –
Атрымаецца назва
Самага верха гары.
Калі да трох літар
Дапісаць чацвёртую, –
Атрымаецца назва
Дзіды па-руску.
Калі да чатырох літар
Дапісаць пятую, –
Атрымаецца назва
Маркі аўтамашыны.
Сябры сядуць і паедуць у …
4.
Калі да пэўнай літары
Дапісаць яшчэ літару, –
Атрымаецца назва самай
Вялікай ракі ў Італіі.
Калі да дзвюх літар
Дапісаць трэцюю, –
Атрымаецца слова, якое
Ў дакументах азначае
Мужчынскі ці жанчынскі род.
Калі да трох літар
Дапісаць чацвёртую, –
Атрымаецца назва гульні
З мячом у басейне.
Калі да чатырох літар
Дапісаць яшчэ дзве,
Якія з’яўляюцца канчаткам
Многіх слоў, –
Атрымаецца назва
Нашага старажытнага горада,
Дзе захавалася шмат
Гістарычных і культурных
Каштоўнасцей і якому сёлета
Споўнілася адна тысяча
Сто пяцьдзясят гадоў.