«Як звяры Дзеда Мароза ратавалі» Алег Мельнікаў
Алег Мельнікаў
Як звяры Дзеда Мароза ратавалі
Казка
Праз дрымучы лес па заснежанай дарозе імчалі сані. Уперадзе з лейцамі сядзеў Дзед Мароз, ззаду, побач з вялізным мехам, – Снягурка. Дзед Мароз жвава падганяў коней: да Мінска, куды яны везлі падарункі, было яшчэ далёка.
Раптам Дзед павярнуўся да Снягуркі:
– Тут побач жыве маленькая Вавёрачка. Жыве без бацькоў, а вось і сама не прапала, і іншым дапамагае. Трэба павіншаваць яе са святам.
– Вядома, дзядуля, – пагадзілася Снягурка.
Пад’ехалі да вавёрчынага дрэва, пастукаў Дзед Мароз па ім сваім кіем. Вызірнула Вавёрачка з доміка, здзівілася. Дзед Мароз дастаў з меха пакунак:
– Гэта табе за твае добрыя справы.
– Дзякуй, дзядуля! – схіліла галаву Вавёрка.
І сані зноў паімчалі па дарозе.
Усё гэта бачыў з-за кустоў Воўк. Крыўдна стала. Новы год, а яго ніхто ў госці не запрасіў. Можа, зайсці самому да Лісы?
Толькі падумаў так, а яна ўжо тут.
– Што ты такі насуплены? – запытала.
– Дзед Мароз падарыў Вавёрцы прыгожы пакунак. Сам бачыў, як дастаў
яго з вялізнага меха. Пэўна, там і цукеркі, і печыва, і цацкі, а можа, нават камп’ютар.
– Нам не падорыць… Але мы можам забраць усе падарункі сабе.
– Як гэта? – здзівіўся Воўк.
– Дзед Мароз паехаў па гэтай дарозе? – кіўнула Ліса.
– Так.
– Дык яна праз некалькі кіламетраў раздвойваецца: адна вядзе ў Мінск, а другая – у балота. Пабяжым і зменім шыльды-ўказальнікі. Стары і трапіць у багну. А пакуль будзе ратаваць Снягурку і коней, мы скрадзем мех.
Захопленыя сваімі драпежнымі планамі, Воўк і Ліса не заўважылі Зайца.
А той усё чуў. Пабег да Вавёркі. Блытаючыся ў словах, перадаў ёй падслуханую размову.
– Трэба папярэдзіць Дзеда Мароза і Снягурку! Ды як? У лесе столькі снегу наваліла, дужа не разгонішся.
– Калі мы не дабяжым да балота, дык Сава даляціць! – прапанавала Вавёрка.
І хутка заскакала па дрэвах да дома Савы.
Тым часам драпежнікі памянялі шыльды, а самі схаваліся ў густым хмызняку каля багны.
Даехаў Дзед Мароз да ўказальнікаў, павярнуў да балота. Раптам Снягурка закрычала:
– Пастой, дзядуля! Нейкая птушка ляціць за намі і голасна крычыць!
Прыпыніў Дзед Мароз коней. Падляцела Сава да вазка і, цяжка дыхаючы, распавяла ўсё пра Лісу і Ваўка.
– Трэба паглядзець на гэтых разбойнікаў, – сказаў Дзед Мароз, і сані павольна рушылі наперад.
Вось і балота, берагі якога зараслі густым кустоўем.
– А ну, выходзьце! – гукнуў Дзед Мароз.
Звяры хацелі схавацца ў гушчары, ды толькі ногі самі вынеслі на дарогу.
– Вы хацелі пазбавіць усіх дзяцей падарункаў? – зіркнуў Дзед Мароз. – Вось вам пакаранне за гэта!
Сказаў Дзед Мароз чароўнае слова – і ў драпежнікаў выраслі рогі.
– Ой, дзядуля! Пашкадуй іх, яны болей не будуць, – папрасіла Снягурка.
– Не, унучачка! За любую дрэнную справу трэба адказваць!
– Ну, прабач, гэта ўсё ж Новы год!
– Добра, перад святам буду літасцівы. Рогі вам – толькі на тры дні. А зараз прэч з маіх вачэй!
Ліса і Воўк так хутка пабеглі па дарозе, толькі пяты мільгацелі.
Дзед Мароз падзякаваў Саве і павярнуў коней на Мінск.
А лясныя сябры, сабраўшыся ў Вожыка ў навагодні вечар, добра пасмяяліся з драпежнікаў.
Дзякую! Пачытала дзецям!