«Верш на памяць» Алесь Макоўскі
ВЕРШ НА ПАМЯЦЬ
– Алё! Мама, прывітанне!
– Міколка, а ты ўрокі зрабіў?
– Зрабіў!
– І верш вывучыў на памяць?
– Ага.
– То давай, сынок, паслухаю.
У слухаўцы чуваць нейкі шоргат, цяжкае сапенне. Галіна Пятроўна цярпліва чакае. Урэшце сын бадзёра пачаў:
– Якуб Колас. “На рэчцы зімою”.
Не сядзіцца ў хаце
Хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка,
Цягнуць санкі з дому…
– Малайчына, сынок! – пахваліла маці. – Праўда, добры верш?
– Ага, – пагаджаецца сын. – Ці можна, мама, цяпер тэлевізар паглядзець?..
– Добра. Толькі прачытай яшчэ раз-другі верш, каб не спатыкаўся.
Галіна Пятроўна паклала слухаўку і адразу ж набрала нумар тэлефона мужа: “Каб не хваляваўся, скажу, што Міколка ўрокі вывучыў”.
Але мужа на месцы не застала. Колькі хвілін таму, праязджаючы па сваёй вуліцы, Лявон Адамавіч вырашыў заскочыць дамоў – паглядзець, што там робіць Міколка. І якраз трапіў на яго размову з маці.
Ціха адчыніў дзверы і зазірнуў у пакой. Тэлевізар працаваў, але гук быў выключаны. Міколка адной рукой прыціскаў да вуха тэлефонную слухаўку, а ў другой трымаў кніжку і шпарыў:
Радасць і раздолле
Хлопчыку малому,
І не пазайздросціць
Ён цяпер нікому!
Скончыў чытаць, спытаў:
– Ці можна, мама, цяпер тэлевізар паглядзець?..
Лявон Адамавіч, каб знянацку не напалохаць сына, кашлянуў. Вочы бацькі і сына сустрэліся.
– Табе таксама ніхто з сябрукоў не пазайздросціць, – сказаў Лявон Адамавіч і выключыў тэлевізар.