Уладзімір Ліпскі «Дабрадзей для ўсіх дзяцей»
Уладзімір Ліпскі
Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
Юні-Юні выяўляе шкодніка
Напачатку адгадайце загадку: “Носіць кажух чырвоны, прыходзіць да дзяцей раз у год і каля ёлкі водзіць з імі карагод”.
Правільна – гэта Дзед Мароз.
А чаму на Новы год заўсёды снежна і весела?
Дык ведайце самі і ўсім паведайце.
Ішоў аднойчы Дзед Мароз з двума вялізнымі мяхамі за плячыма. А цікаўная сарока падкралася ды тыя мяхі развязала. З аднаго высыпаўся снег і рассеяўся сняжынкамі па лясах, палях, сцяжынках. А з другога выкаціўся смех і радасцю напоўніў не толькі дзяцей, але і ўсіх дарослых.
Вось і ладзяць людзі цацачныя, падарункавыя ёлкі, каб іх дзеці весела сустракалі надыход новага года. Зялёныя лясныя госці завітваюць у кватэры, хаты, палацы, на плошчы.
А Юні-Юні і Вася Вясёлкін вырашылі правесці навагодні карагод у Зялёнай Дуброве, пад сцяною бору, дзе стаіць у зялёным сарафане елка-краса. На ёй дык вось фасон – з шышак залатых парасон.
Гулянне загуло такое, як у вершы майго літоўскага сябра Вітаса Бараўскаса:
Ад скокаў тых,
Ад песень
Рэха
Раскалыхалася ў галлі.
А ўсе звяры,
Дзятве на ўцеху,
Скакаць таксама пачалі…
Танцавалі, спявалі, здаецца, усе дрэвы, кусты, зоры і ўсе зімовыя сняжынкі-іскрынкі. У вечаровае неба хацела падскочыць нават полымя вогнішча. Але да самых нябёсаў даляталі толькі бадзёрыя галасы дзяцей, іх звонкія песні.
Вася Вясёлкін паддаваў жару ў гульні, вадзіў карагоды, загадваў загадкі, спяваў.
А Юні-Юні сачыў, каб у святочным натоўпе дзяцей не здарылася якой бяды, каб ніхто нікога не пакрыўдзіў.
Раптам Юні-Юні прыкмеціў дзяўчынку, а ў яе вачах – слёзы. Ён падступіўся да яе, лагодна спытаў:
– Што з табой, Алёнка?
– Мне нагу адтаптаў нейкі козлік.
– Не крыўдуй, можа, ненарокам хто, – супакоіў дзяўчынку Юні-Юні.
У натоўпе дзяцей Юні-Юні нечакана сустрэў разгубленага Данілку, пацікавіўся:
– Што здарылася, дружок?
– Вунь той скакун моцна штурхануў. Я ўпаў, пабіўся і згубіў у гурбе мабільнік.
Юні-Юні дапамог знайсці прапажу, бо меў пры сабе ліхтарык на сонечных батарэйках. Суцешыў, як мог, Данілку. А сам занепакоіўся: хто ж парушае вясёлы настрой дзяцей, хто пачынае шкодзіць святу?
Ведаў Юні-Юні, што шкоднікі любой масці, – гэта служкі самога нячысціка, гідкага і злоснага д’ябла, якому толькі тады весела, калі зробіць некаму балюча, пякуча, калі пабачыць слёзы ці кроў. А слугуюць яму тыя, хто не ўмее рабіць дабро, у каго ўсе косткі напоўнены злосцю. Значыць, вырашыў Юні-Юні, у навагодні карагод уціснуўся такі нягоднік. Трэба высвяціць парушальніка спакою. Ніхто не можа пасягнуць на права дзяцей весела сустракаць Новы год.
Юні-Юні ўключыў свой сонечны ліхтарык і пачаў глыбей узірацца ў карагод дзяцей. Усе былі ў масках. Пад воўкам пазнаваўся хлопчык Вова, рахманы і добры, якога Юні-Юні сустракаў у “Вясёлцы”. Ролю ліскі грала Светка-бландзінка. Светлыя коскі з уплеценымі ў іх блакітнымі банцікамі вытыркаліся з-пад лісінай маскі. А вавёркай вырашыў пабыць Барыс, якога ў класе звалі Барбарыс, бо вельмі ж любіў цукеркі.
І вось ліхтарык Юні-Юні на секунду патух, зноў засвяціўся. Ён як бы хваляваўся перад чарговым карагоднікам. Юні-Юні пачаў узірацца ў яго. Першае, што ён прыкмеціў: у гурце святочных дзяцей гэты незнаёмец не быў у масцы. Яго твар і ўся постаць як бы служылі маскіроўкай. Быў ён у карычневым доўгім фрэнчы, на галаве – рыцарскі шлем, з якога вытыркаліся вочы такой акругласці, як акуляры, а бровы нагадвалі чорныя дужкі тых акуляраў. Нос тырчаў вострай дзюбінай, як у камара. Над галавой узвышаліся дзве антэнкі з махнатымі кутасікамі на канцах.
Юні-Юні неўпрыкмет перавёў святло ліхтарыка на ногі незвычайнага гулякі і ледзь не ахнуў. Яго высокія чаравікі былі на вострых абцасах. Дык вось чым ён адтаптаў ногі Алёнцы. Вось хто штурхануў сваімі касцянымі лапамі Данілку.
Юні-Юні рашуча наблізіўся да незнаёмца, але той адчуў нядобрае, рэзка пакінуў карагод і шмыгнуў у цемрадзь ночы. Далёкім рэхам пракаціўся па лесе яго дзікі рогат: “Я вярнуся-я!.. Я твой шко-однік, Юні-Юні… Я – Казюра-а, мне – ур-р-а-а!..”
Як бы не выхваляўся той крыкун, а Юні-Юні застаўся задаволены. Ён прагнаў нягодніка з карагода дзяцей. Але задумацца было над чым…
Працяг у наступным нумары.