Таямнічыя зоркі
П’еса-казка
Дзейныя асобы:
Маляваныч – хлопчык-мастак,
Топа – мядзведзік,
Яначка – лісяня.
На сцэне, на сцяне, вісіць вялікая карта зорнага неба. Маляваныч у тэлескоп уважліва разглядае зоркі.
Маляваныч. Якое казачнае відовішча! Колькі зорак! А вось сузор’е Жырафы! І Леў глядзіць на мяне!
На сцэне з’яўляюцца Топа і Яначка.
Топа. Дзе ты, Маляваныч, бачыш жырафу і льва? Яны што, у гэтай трубе сядзяць? Ха-ха!
Маляваныч. Нічога ты не разумееш! Гэта незвычайная труба – тэлескоп. Праз яе можна назіраць зоркі. Тэлескоп робіць іх у многа разоў большымі. А Жырафа і Леў – гэта не звяры, а сузор’і.
Яначка. Ой, як цікава! (Заглядае ў тэлескоп.)
Топа. Пачакай, Яначка! Мая бабуля казала, што на небе ёсць сузор’е, якое называюць Вялікай Мядзведзіцай. І мне, Маляваныч, вельмі хочацца яго ўбачыць!
Маляваныч. Зараз я знайду табе гэта сузор’е. Яго яшчэ называюць Вялікім Каўшом. Вось яно, Топа, глядзі! У ім – сем зорак.
Топа. Ой! Усё неба зіхаціць зоркамі – вялікімі і маленькімі.
Маляваныч. Топа, ты бачыш Вялікую Мядзведзіцу?
Топа. Я хутчэй знайшоў бы гэта сузор’е, калі б ты, Маляваныч, яго намаляваў.
Маляваныч. Калі ласка! (Малюе і аддае мядзведзіку.)
Топа (глядзіць на малюнак, потым у тэлескоп). Якая ж гэта мядзведзіца? Сузор’е сапраўды больш падобна на коўш, з якога можна папіць вады.
Яначка. Хопіць табе ўжо ўглядацца ў неба: яно ж не толькі тваё. Дай і мне разок зірнуць.
Топа. Ты, Яначка, і так маеш зоркія вочы. За пяць вёрст курачку ўбачыш. Вось злічу ўсе зоркі, тады і глядзі!
Маляваныч. Не вельмі старайся! Каб злічыць усе зоркі на небе, жыцця не хопіць.
Яначка адпіхвае ад тэлескопа Топу.
Яначка. Дай зірнуць! (Глядзіць у тэлескоп.) Ой! А мне ўсе зоркі міргаюць, нібы клічуць да сябе пагуляць. Маляваныч, а крумкач зможа даляцець да зорак?
Маляваныч. Ты што, Яначка! Хоць крумкач і жыве трыста гадоў, але і яму жыцця не хопіць, каб даляцець нават да самай блізкай зоркі.
Яначка. Глядзіце, глядзіце! Зорачка падае! Можа, яна ўбачыла мяне і захацела прыляцець у госці?
Топа. Я і без тэлескопа яе бачу! Ой, ужо знікла!
Яначка. Маляваныч, а ці можна ў тваім тэлескопе ўбачыць, як Баба Яга на мятле лятае?
Топа. Кажуць, яна далятае да зорак, хапае іх і складвае ў свой мех.
Маляваныч. Супакойцеся! Гэта ўсё казкі. А сёння вы бачылі, як на небе гуляюць таямнічыя зоркі, як месячык ясны між імі плыве. Толькі ні ў якім тэлескопе вы не ўбачыце, хто кожны вечар прыходзіць да ўсіх нас. Прыходзіць ціха, як невідзімка.
Яначка і Топа (разам). А мы ведаем, гэта – сон!
Пазяхаюць, паціраюць вочы. Дзіцячы хор выконвае песню-калыханку.
Яніна ЖАБКО