«Аптымістычныя Стральцы» ад Аксаны Спрынчан
У час, калі восень канчаткова перадае свае правы зіме і ўсё замярзае і становіцца ледзяным, нараджаюцца надзвычай аптымістычныя людзі – Стральцы. З 23 лістапада па 21 снежня – час тых, чый дэвіз: “Я ўсё бачу”. Бачаць Стральцы не толькі свой час, але і мінулыя стагоддзі, як, да прыкладу, геній гістарычнай прозы Уладзімір Караткевіч, народжаны 26 лістапада. Многія яго героі – удзельнікі паўстання 1863 – 1864 гадоў у Беларусі, яны прывабліваюць самаахвярным служэннем Бацькаўшчыне. Стральцоў прыцягвае небяспека, яны не могуць жыць без рызыкі.
Стральцы хочуць пабачыць, даведацца і паспець усё на свеце. Максім Багдановіч, які нарадзіўся 9 снежня, стаў класікам беларускай літаратуры, пражыўшы ўсяго 26 гадоў. 31 год пражыла каралева польская і вялікая княгіня літоўская Барбара Радзівіл, чый дзень народзінаў прыпадае на 6 снежня. Але яе гісторыя кахання дагэтуль натхняе паэтаў і мастакоў на новыя творы.
Унікальнае спалучэнне інтэлекту і мэтанакіраванасці робіць Стральцоў пераможцамі. Іван Чыгрынаў, які нарадзіўся 21 снежня, стаў народным пісьменнікам Беларусі. А народжаны ў той самы дзень Мікалай Аладаў быў не толькі народным артыстам Беларусі, але і адным са стваральнікаў Беларускай кансерваторыі. Вядомы мастак Фердынанд Рушчыц, які прыйшоў у свет 10 снежня, – майстар сімвалічнага пейзажу, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Мікола Маляўка, вядомы дзіцячы пісьменнік, які нарадзіўся 13 снежня, працаваў у рэдакцыі часопіса “Вясёлка” 30 гадоў і падарыў шмат цікавых твораў маленькім чытачам.
Сумленныя, велікадушныя, рамантычныя, незалежныя, аптымістычныя – за гэта, варта любіць Стральцоў.
Калі сустрэнеш ты Стральца –
Не будзе радасці канца.
Хай будуць з імі смех і ўдача,
Няхай святло і шчасце бачаць.
Аксана СПРЫНЧАН