Свята колераў вясёлкі
Гульнёва-забаўляльная п’еса
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:
Вясёлка,
Чырвоны колер,
Аранжавы колер,
Жоўты колер,
Зялёны колер,
Блакітны колер,
Сіні колер,
Фіялетавы колер.
Гучыць музыка. Сем колераў Вясёлкі выконваюць харэаграфічную кампазіцыю. Нечакана грыміць гром. Ад яго ўсе колеры разбягаюцца ў розныя бакі. З’яўляецца Вясёлка, апранутая ў белае адзенне.
ВЯСЁЛКА. Прывітанне, сябры! Вы мяне, пэўна, не пазналі. Я – Вясёлка. Чаму невясёлая сёння? Злосны гром разагнаў усе мае колеры. З вашай дапамогай я зноў збяру іх разам. Першы колер – чырвоны. Калі ласка, падыдзіце да мяне ўсе, хто атрымаў папяровыя палавінкі чырвоных сэрцаў. Справа ад мяне становяцца хлопчыкі, злева – дзяўчынкі. У кожнага з вас у руках – палавінка сэрца. Вам трэба знайсці сваю палавінку, каб атрымалася адно сэрца.
Удзельнікі гульні знаходзяць свае палавінкі і ўтвараюць пары.
З’яўляецца чырвоны колер.
Чырвоны колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць фонавая музыка. Чырвоны колер адорвае пераможцаў.
ВЯСЁЛКА. Наступны мой колер – аранжавы. Вось вам ватманы і каляровыя алоўкі. Капітаны дзвюх каманд павінны намаляваць на сваім ватмане апельсін. Пераможа той, хто зробіць гэта хутчэй і прыгажэй.
З’яўляецца аранжавы колер.
Аранжавы колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Аранжавы колер адорвае пераможцу.
ВЯСЁЛКА. Жоўты колер – колер сонца. Без сонца немагчыма жыццё. А якое жыццё без песні? Прапаную вам назваць песні, у якіх сустракаецца слова “сонца”. За кожны правільны адказ атрымаеце папяровае сонейка. У каго іх будзе болей, той і пераможца.
З’яўляецца жоўты колер.
Жоўты колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Жоўты колер адорвае пераможцаў.
ВЯСЁЛКА. Наступны колер – зялёны. Гэта колер жыцця, колер прыроды. Зараз мы праверым, ці добра вы ведаеце назвы дрэў, якія растуць у лесе. Вось зялёны паветраны шарык. Перадавайце яго па крузе і называйце розныя дрэвы. Той, хто не адкажа альбо затрымае шарык, – выбывае з гульні.
З’яўляецца зялёны колер.
Зялёны колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Зялёны колер адорвае пераможцаў.
ВЯСЁЛКА. Блакітны і сіні – колеры неба. У вышыні мы бачым не толькі птушак, але і самалёты. Няхай кожны з вас зробіць папяровы самалёт. Чый самалёт заляціць далей – той і будзе пераможцам.
З’яўляюцца блакітны і сіні колеры.
Блакітны і сіні колеры. Дзякуй, вы вярнулі нас Вясёлцы!
Гучыць музыка. Блакітны і сіні колеры адорваюць пераможцу.
ВЯСЁЛКА. Ну вось, сябры, з вашай дапамогай удалося вярнуць шэсць колераў. Застаўся апошні – фіялетавы. Ён заззяе, калі вы станчыце беларускую польку.
З’яўляецца фіялетавы колер.
Фіялетавы колер. Дзякуй, вы вярнулі мяне Вясёлцы!
Гучыць музыка. Фіялетавы колер адорвае лепшых танцораў.
ВЯСЁЛКА. Дарагія сябры! Злосны гром разагнаў мае колеры. Вы дапамаглі мне вярнуць іх. І я зноў – яркая і вясёлая. Дзякуй вам усім!..
Гучыць музыка. Сем колераў Вясёлкі кружацца ў карагодзе.
Дзмітрый СЕРГЕЙЧУК